У Бабруйскім гандлёва-эканамічным каледжы прыдумалі конкурс, які насамрэч ёсць зборам металалома і ўдзел у ім абавязковы.
Згодна з ўмовамі “конкурсу”, якія апублікаваў Mayday, ён праходзіць з 15 па 30 снежня 2025 года і тычыцца як навучэнцаў, так і работнікаў гэтай навучальнай установы. Праводзіцца ён пад эгідай праўладнай маладзёжнай арганізацыі БРСМ і такога ж праўладнага навучэнскага прафсаюза.
Узважваць металалом будзе камендант. Пры неабходнасці сабранае могуць дапамагчы прывезці. Цікава, што удзельнікі “конкурсу” абавязанныя яшчэ ачысціць метал ад бруду, пластыка і неметалічных элементаў.
Пераможцам арганізатары абяцаюць: у камандным заліку (пры ўмове сабраных па 10 кг на кожнага ўдзельніка) за першае месца – экскурсійная паездка па РБ; за другое – гульня ў боўлінг; трэцяе – салодкія прызы. У індывідуальным заліку тры першыя месцы атрымаюць граматы і дробныя прызы накшталт флэшак.
Мэтай правядзення сбору металалома абвешчана фармаванне ў навучэнцаў экалагічнай культуры, беражлівага стаўлення да рэсурсаў, разумення прынцыпаў прыродакарыстання і раздзельнага збору адыходаў.
Падаецца, што ў пагоні за адраджэннем савецкіх практык арганізатары гэтага “конкурсу” ўвогуле забыліся аб рэчаіснасці, у якой жывуць. Калі падчас СССР метал сапраўды валяўся пад нагамі з-за паўсюднай безгаспадарчасці і мізэрных коштаў на яго, то цяпер сітуацыя абсалютна іншая. У цяперашнія часы, калі металалом каштуе адносна дорага і многія людзі нават жывуць з яго збору і здачы, знайсці яго проста на вуліцы ці нават на нейкай звалцы амаль немагчыма. Больш таго, пастаяннымі сталі і крадзяжы металічных прадметаў, напрыклад, з могілак ці прыватных уладанняў. Таму не выключана, што вынікам такой абавязалаўкі будзе не фармаванне экалагічнай культуры і беражлівага стаўлення да рэсурсаў, а з’яўленне ў міліцэйскіх зводках паведамленняў аб крадзяжы металу навучэнцамі гандлёва-эканамічнага каледжа.
Фотаздымак з адкрытых крыніц