МотаМасленіца

На «МотаМасленіцы» ў Магілёўскім раёне замест Зімы будуць спальваць Масленіцу

Шэсцьсот румяных бліноў, велізарная бочка гарачага чаю і дзесяціметровае пудзіла – у Магілёве пройдзе «МотаМасленіца».

Узровень народнай весялосці на Магілёўшчыне ўжо даўно вымяраюць тонамі, літрамі, метрамі. Так будзе і на Масленіцы, якая пройдзе 21 лютага ў аграгарадку Сідаравічы.

Паводле задумы арганізатараў свята аб’яднае мінулае і сучаснасць.

У Сідаравічах будуць ганяць на розных відах тэхнікі па бездарожжы, перацягваць канат, пілаваць бярвёны, кідаць валёнкі, есці бліны на хуткасць і спальваць 10-метровае пудзіла… Масленіцы.

Гэта – паводле версіі журналістаў лукашэнкаўскай «Беларуси Сегодня». Насамрэч пудзіла, якое спальваюць на гэтае свята, усё ж сімвалізуе зіму.

Ну і, вядома, не абыдзецца без звыклай для беларусаў справаздачы па гігантызме: гасцей свята чакаюць 150 літраў юшкі з фарэлі, 150 кілаграмаў грэчневай кашы з ялавічынай, 600 бліноў і велізарная бочка чаю.

Бліноў дакладна на ўсіх не хопіць – запланавана, што мерапрыемства наведае каля тысячы чалавек.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.