Агуркі

Агуркі з Індыі выратавалі асіповіцкі завод: як рамонт даху падвоіў вытворчасць кансерваў

Агуркі з другога канца свету, фарбаванне фасада і свежыя булачкі стварылі эканамічны цуд на асіповіцкім кансервавым заводзе.

Асіповіцкі кансервавы завод зноў з’явіўся ў навінах. Раённыя журналісты, не хаваючы захаплення, паведамляюць: за чатыры гады прадпрыемства выбралася з поўнага калапсу і падвоіла аб’ём вытворчасці. Сакрэт поспеху? Інтрыга трымаецца да апошняга абзаца. Гэта… Рамонт фасадаў і штодзённыя булачкі для рабочых.

Гісторыя, якую лепш не ўспамінаць

Яшчэ ў 2013 годзе на заводзе казалі «працуем стабільна» – і гэта была прыкладна тая ж праўда, што «адчуваю сябе нармальна» ў чалавека з гіпсам на абедзвюх нагах. Прадпрыемства, заснаванае яшчэ ў 1947 годзе, гадамі ішло да таго, каб апынуцца на працэдуры санацыі. Абсталяванне прастойвала, калектыў разбягаўся – людзі шукалі заробак у іншых месцах. Карацей, кансерваваць уласныя страты завод навучыўся лепш, чым таматы.

Пяць гадоў таму прадпрыемства знаходзілася ў самым разгары санацыі – так называюць у Беларусі разнавіднасць агоніі. Аднак завод усё ж выжыў.

Рэцэпт падваення

Дык вось, вытворчасць вырасла ўдвая. За кошт чаго?

Пералічваем дасягненні:

  1. Праведзены рамонт фасадаў і дахаў будынкаў вытворчага цэха і складскіх памяшканняў.
  2. Адрамантаваны пад’яздныя шляхі.
  3. Цяпер вядзецца касметычны рамонт адміністрацыйнага будынка.
  4. Уведзены ў эксплуатацыю новыя лініі ўпакоўкі 0,5 і 3 літры.

Добра хоць тое, што сярод рамонту ганка і фарбавання сцен ёсць сапраўднае тэхналагічнае дасягненне – новыя лініі. Праўда, і тут свае цікавыя нюансы.

Незвычайная тэхналогія: агуркі-падарожнікі

Асаблівай увагі заслугоўвае кулінарнае ноу-хау, якое на асіповіцкім заводзе падаецца як «незвычайная тэхналогія». Узімку завод вырабляе марынаваныя агуркі-карнішоны. Гучыць па-беларуску. Аднак агуркі едуць з Індыі.

Салёныя агуркі ў якасці паўфабрыкату закупляюцца на другім канцы свету, затым праходзяць «спецыяльную апрацоўку» ў Асіповічах і ўрачыста закладваюцца ў банкі.

Гэта «хоць і звыкла многім беларускім кансервавым заводам», але ўсё ж дасягненне: кансервавы завод, які закупляе кансерваваную гародніну за мяжой, каб закансерваваць яе яшчэ раз.

Сацпакет як канкурэнтная перавага

Асобны гонар завода – клопат пра супрацоўнікаў. Паведамляецца, што «кіраўніцтва прадпрыемства супрацоўнічае з мясцовым хлебазаводам і штодня набывае свежую выпечку, каб работнікі маглі своечасова падсілкавацца падчас тэхнічнага перапынку».

Цяжка паверыць у тое, што калі пяць гадоў таму людзі беглі з завода ў пошуках заробку, то цяпер іх утрымлівае пах свежай здобы.

Далей усё будзе яшчэ лепш. Продаж прадукцыі насельніцтву ў розніцу «пакуль немагчымы», але плануецца адкрыць фірмовы магазін. Пакуль што пакупнікамі застаюцца школьныя сталовыя, бальніцы і сілавыя структуры. Гэта значыць тыя, у каго выбару асабліва няма.

Зрэшты, асіповіцкі кансервавы завод жывы і працуе. Гэта сама па сабе добрая навіна для аднаго з райцэнтраў, у якіх падобныя прадпрыемствы маюць уласцівасць не выжываць.

Фота раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва