У Магілёве сілавікі затрымалі 23-гадовага жыхара Гомеля па справе аб «рэабілітацыі нацызму». Відавочна, што нацызмам там і не пахла.
Не паспеў яшчэ забыцца выпадак абсурднага абвінавачвання магілёўцаў у тым, што яны замест Дня Перамогі святкавалі дзень нараджэння Гітлера, як магілёўскія сілавікі зноў вызначыліся. Па справе аб генацыдзе затрыманы чарговы “вораг народа”.
Сімволіка, форма, літаратура
Паводле версіі МУС, малады чалавек з Гомеля публікаваў матэрыялы ў Telegram-чатах, прызнаных экстрэмісцкімі. Падчас вобшуку ў яго знайшлі сцягі, сімволіку, элементы формы часоў Другой сусветнай вайны, халодную зброю 1940-х гадоў і тэматычную літаратуру.
Затрыманне праводзілі талакой: супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК па Магілёўскай вобласці пры падтрымцы змагароў з дыверсантамі са спецпадраздзялення «Гром».
Паведамляецца, што раней мужчына “тройчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюджванне нацысцкай сімволікі”. Цяпер узбуджана крымінальная справа.
Але падобныя навіны ўсё часцей з’яўляюцца на фоне іншай рэальнасці: пасля падзей 2020 года большасць людзей, на якіх улады навесілі ярлыкі «экстрэмістаў», або знаходзяцца ў турмах, або з’ехалі з краіны.
Новая хваля «барацьбы з экстрэмізмам»
Калі раней крымінальныя справы ўзбуджалі за ўдзел у пратэстах, тэлеграм-каналы або палітычную дзейнасць, то цяпер ГУБАЗіК і КДБ усё часцей чапляюцца да іншых тэм.
Сярод іх:
- публікацыі ў інтэрнэце;
- захоўванне сімволікі або гістарычных артэфактаў;
- удзельнікі ваенна-гістарычнай рэканструкцыі і калекцыянеры.
Для рэканструктараў выкарыстанне формы і сімволікі розных армій Другой сусветнай вайны – звычайная частка гістарычнага хобі. Аднак калі сілавікі стараюцца стварыць атмасферу таго, што “вораг не дрэмле”, такія рэчы могуць трактавацца як прапаганда.
Гісторыя і палітыка
Памяць пра Вялікую Айчынную вайну займае цэнтральнае месца ў дзяржаўнай ідэалогіі Беларусі, таму абвінавачванні ў «рэабілітацыі нацызму» гучаць асабліва гучна.
Пры гэтым краіна востра мае патрэбу ў іншым артыкуле Крымінальнага кодэкса – пакаранні за рэабілітацыю сталінізму. Бо менавіта сталінская эпоха звязаная з масавымі рэпрэсіямі і знішчэннем значнай часткі беларускай эліты.
У любым выпадку ліхаманкавыя пошукі беларускімі сілавікамі новых катэгорый «пагроз» ужо становяцца трэндам.