МогилевОнлайн

Незалежнае СМІ раіць магілёўцам пераправерыць свае кнігі

Правесці ператрус на сваіх хатніх кніжных паліцах на прадмет пошуку кніг, выданых “экстрэмістамі” рэкамендуе магілёцам інтэрнэт-выданне “МогилевОнлайн”.

Сёння, 9 сакавіка 2026 года, стала вядома, што КДБ прызнаў “экстрэмісцкімі фармаваннямі” шэраг кніжных выданняў, якія раней працавалі ў Беларусі, але з пачаткам палітычных рэпрэсій былі вымушаныя перанесці сваю дзейнасць на мяжу. Гэта Lohvinau Publishing House і Andrei Yanushkevich Publishing, а таксама здаўна існаваўшы ў польскім Беластоку Kamunikat.org, які з нядаўніх часоў стаў выдаваць папяровыя версіі кніг, якія раней змяшчаў толькі ў анлайн-версіі.

“Згаданыя выдавецтвы на працягу некалькіх апошніх гадоў працуюць за межамі Беларусі і спецыялізуюцца на выпуску кніг на беларускай мове, уключаючы творы як мясцовых, так і папулярных замежных аўтараў” – піша “МогилевОнлайн”.

“Адзначым, што раней усе яны працавалі ў краіне, таму варта пераправерыць свае кніжныя паліцы” – дае “добрую” параду інтэрнэт-выданне.

Праўда, на гэтай рэкамендацыі “МогилевОнлайн” заканчвае свой клопат пра чытачоў. А што ж рабіць далей, пасля таго, як раптам прадукцыя гэтых выданняў будзе знойдзена на кніжных паліцах? З’есці? Разарваць? Закапаць? Здаецца, лепей за ўсё спаліць на агульным вогнішчы, як ў часы нацысцкай Германіі, якой кіраваў чалавек, пры якім там, па словах беларускага дыктатара, было “не ўсё толькі дрэннае”. 

Фотаздымак: ”МогилевОнлайн”

← Усе навіны Магілёва