сельская гаспадарка

У калгасах Магілёўшчыны ў цэлым усё добра, а паасобку – дрэнна

Падрыхтоўка да бітвы за пасяўную ў Магілёўскай вобласці па традыцыі вядзецца з дапамогай прыпісак.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці паведаміў, што ў цэлым сельскагаспадарчыя арганізацыі рэгіёна актыўна рыхтуюцца да вясновых палявых работ: рамантуюць тэхніку і назапашваюць угнаенні і насенне.

Аднак праверкі паказалі, што дабрабытная карціна ў справаздачах не заўсёды супадае з рэальнасцю. У шэрагу гаспадарак тэхніка на пачатак сакавіка заставалася ў рамонце. Напрыклад, у адной з гаспадарак Быхаўскага раёна былі не гатовыя два з пяці энерганасычаных трактароў, а таксама сеялкі і культыватар.

Пры гэтым некаторыя прадпрыемствы прыпісваюць гатоўнасць тэхнікі ў справаздачнасці. Так, у гаспадарцы Чэрыкаўскага раёна паводле дакументаў тэхніка ўжо была гатовая выйсці ў палі, хаця фактычна ў рамонце знаходзіліся пасяўны агрэгат, культыватар і сеялка.

Праблемы выяўлены і з падрыхтоўкай да пасяўной: у асобных гаспадарках павольна назапашваюцца мінеральныя ўгнаенні, а насення сельскагаспадарчых культур не хапае. Менш за ўсё насення на пачатак сакавіка было ў гаспадарках Быхаўскага, Мсціслаўскага і Глускага раёнаў.

Калі не спрабаваць рабіць добрую міну пры дрэннай гульні, то ўсё выглядае прасцей за пару на рэпе: тут не адрамантавалі, там не назапасілі, яшчэ дзесьці прыпісалі.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

← Усе навіны Магілёва