Размешчаныя каля Асіповічаў расійскія “Іскандэры” могуць несці ядзерныя боегалоўкі, а пад Крычавам будуецца сховішча для іх, сцвярджае палітык Мікалай Статкевіч.
“У Беларусі ў раёне Асіповічаў ужо размешчаны ракетныя комплексы “Іскандэр”, здольныя несці ядзерныя боегалоўкі. Зараз на нашай тэрыторыі размяшчаюць мадыфікаваную межкантынентальную балістычную ракету “Ярс”, якая, пасля памяншэння ўдвая яе дальнасці, атрымала назву “Арэшнік”. Але галоўнае – у раёне Крычава будуецца сховішча для ядзерных боегаловак, хутчэй за ўсё, для “Арэшнікаў”, “Іскандэраў” і тактычных ядзерных авіабомбаў” – напісаў 30 сакавіка 2026 года ў сваім тэлеграм-канале былы палівязень, апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч.
Паводле яго, гаворка ідзе пра інфраструктуру, якая можа выкарыстоўвацца для размяшчэння боегаловак да розных тыпаў узбраенняў, у тым ліку ракетных комплексаў і авіяцыйных сродкаў. Ён сцвярджае, што будаўніцтва такіх аб’ектаў сведчыць пра доўгатэрміновыя планы іх выкарыстання.
Статкевіч таксама выказаў меркаванне, што ў расійскай ваеннай практыцы ядзерныя боегалоўкі традыцыйна захоўваюцца асобна ад носьбітаў у спецыяльных умацаваных сховішчах з кантраляванымі ўмовамі. У выпадку неабходнасці яны дастаўляюцца да ракетных комплексаў або іншай тэхнікі.
На яго думку, размяшчэнне падобнай інфраструктуры ў Беларусі можа быць звязана з разлікамі Масквы на выкарыстанне тэрыторыі краіны ў ваенна-стратэгічных сцэнарыях, у тым ліку як фактар стрымлівання ці ціску на краіны Еўропы.
“Тое, што Масква будуе такі дарагі і складаны аб’ект у Беларусі і ўжо арганізавала яго супрацьпаветраную абарону, сведчыць, што на нашай зямлі будзе стала размешчаная вялікая колькасць ядзерных боегаловак. І не таму, што ў Расіі не хапае зямлі для іх размяшчэння, а з канкрэтнымі мэтамі” – адзначае палітык.
Статкевіч падкрэсліў, што такая сітуацыя нясе рызыкі для самой Беларусі, паколькі ў выпадку эскалацыі яна можа стаць аб’ектам дзеянняў у адказ. У сувязі з гэтым ён заклікаў шукаць шляхі, якія дазволілі б пазбегнуць выкарыстання беларускай тэрыторыі ў магчымых ваенных канфліктах.
Палітык адзначыў, што ключавыя рашэнні павінны прымацца ўнутры краіны, а грамадству важна своечасова ацаніць магчымыя пагрозы. У якасці аб’яднаўчай ідэі ён назваў канцэпцыю нейтральнай і без’ядзернай Беларусі, якая можа стаць асновай для захавання бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне.
Фотаздымак: ТГ STATKEVICH M
