Дзмітрый Шлетгаўэр, памерлы ў магілёўскай калоніі №15, быў малады і нават не думаў аб смерці, паведаміў яго знаёмы па брэсцкім СІЗА. Ён лічыць, што хлопца забілі па загадзе КДБ, з якім той супрацоўнічаў.
Паводле мужчыны, ён пазнаёміўся са Шлетгаўэрам у СІЗА №7 Брэста. На той момант хлопцу быў 21 год, але ён выглядаў старэй. “Гэта быў высокі рослы хлопец. Але што мне не падабалася – ён вельмі шмат курыў. Але ён вельмі быў цягавітым, заўсёды неяк на пазітыве. Ён не даваў сабе слабіны. Наадварот, ён у камеры ствараў пазітыў і падтрымліваў іншых” – распавёў Беларускаму Радыё Рацыя былы сідзелец.
Ён адзначае, што ў Шлетгаўэра было складанае і супярэчлівае жыццё. Паводле яго, хлопец захапляўся зброяй, у тым ліку халоднай, сам выкоўваў нажы і меў уласную калекцыю. Ён таксама распавядаў пра свой досвед, звязаны з удзелам у ваенных кантрактах за мяжой, у тым ліку ў Афрыцы, дзе праходзіў падрыхтоўку і разглядаў магчымасць удзелу ў баявых аперацыях.
Паводле былога сукамерніка, Шлетгаўэр меў пэўныя ідэалагічныя погляды, і яны, паводле яго, былі неафашысцкімі, што, зразуімела, магло выклікаць цікавасць сілавых структур. Ён таксама сцвярджае, што хлопец добра разбіраўся ў тэме зброі і выбуховых рэчываў і мог з падручных матэрыялаў вырабляць небяспечныя сумесі.
Сям’я Шлетгаўэра жыла ў Камянцы. Сам ён меў расійскае грамадзянства і, паводле суразмоўцы, спрабаваў наладзіць кантакт з расійскім консульствам у Брэсце. Пасля сустрэчы з консулам яму не рэкамендавалі дамагацца дэпартацыі ў Расію з-за магчымых праблем.
Мужчына таксама сцвярджае, што Шлетгаўэр знаходзіўся ў полі ўвагі КДБ. Паводле яго версіі, пасля прыезду ў Беларусь той нібыта ўступіў у кантакт са спецслужбамі і мог выконваць пэўныя заданні. Аднак, нібыта, адно з такіх заданняў, звязанае з ліквідацыяй чалавека, ён не выканаў.
Падчас знаходжання ў СІЗА Шлетгаўэр, як распавядае сведка, нават сустрэўся з чалавекам, якога, паводле яго слоў, мусіў ліквідаваць. “Калі ён пра гэта расказваў, у мяне, дарослага чалавека, валасы дыбам станавіліся” – адзначае мужчына.
Паводле яго, у зняволенні да Шлетгаўэра з боку супрацоўнікаў нібыта не ўжывалася фізічнага гвалту, і нават, як ён кажа, да яго ставіліся “з пэўнай павагай”.
Шлетгаўэр быў жанаты на грамадзянцы Беларусі, і ўжо пасля яго затрымання ў іх нарадзілася дзіця. Аднак падчас суда шлюб быў скасаваны ў сувязі з пазбаўленнем яго віду на жыхарства. Родныя пасля прысуду прадалі дом у Камянцы і выехалі ў Расію.
Былы знаёмы хлопца падкрэслівае, што Шлетгаўэр пісаў шмат пісьмаў. Яго лісты маглі займаць дзясяткі старонак, што, на яго думку, сведчыць пра моцныя пачуцці да сям’і.
Разам з тым, мужчына катэгарычна адмаўляе версію самагубства. “Ён нават не думаў пра смерць. У 21 год – якая смерць? Ён быў поўны энергіі і быў упэўнены, што хутка выйдзе” – кажа ён. “І тое, што з ім адбылося, наколькі я даведаўся, ён не пакончыў з сабой. Яго забілі і забілі па замове КДБ” – падкрэслівае былы сядзелец.
Ён мяркуе, што хлопец мог валодаць інфармацыяй, якая ўяўляла небяспеку, і таму мог быць ліквідаваны.
Паводле інфармацыі, распаўсюджанай раней рэсурсам dissidentby, у калоніі на Дзмітрыя Шлетгаўэра аказваўся сістэматычны псіхалагічны і фізічны ціск, яго рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА, нягледзячы на наяўнасць хранічнага захворвання. Займаліся гэтым аператыўныя работнікі выпраўленчай калоніі Юрый Арлоў і Ілля Кіслякоў пад кіраўніцтвам начальніка калоніі Аляксея Лазарэнкі.
Прычынай жорсткага абыходжання, па звестках крыніц рэсурса dissidentby, было тое, што Дзмітрый Шлетграўэр адмаўляўся супрацоўнічаць з адміністрацыяй калоніі, “не здаваў” іншых і адкрыта выказваў нязгоду з дзеяннямі адміністрацыі. “Ён трымаўся, але яны рабілі ўсё, каб зламаць” – паведамлялі сведкі.
1 лістапада 2024 года Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў, што ў калоніі ў Магілёве памёр 22-гадовы грамадзянін Расіі, ураджэнец Алтая Дзмітрый Шлетгаўэр. У пасведчанні аб смерці напісалі “механічная асфіксія”. Раней Брэсцкі абласны суд прызнаў Шлетгаўэра вінаватым па артыкулах аб шпіянажы і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, прыгаварыўшы да 12 гадоў. Сутнасць абвінавачанняў невядомая да гэтага часу – працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Фотаздымак: spring96.org
