Губоп

Магілёўскі блогер адрэкламаваў шакалад “Губопаўскі”

Магілёўскі блогер, які мае патрэбу ў падтрымцы мозгу, зняўся ў рэкламе шакаладу імя карнага ведамства.

Магілёўскі блогер стаў тварам скандальнага рэкламнага роліка, у якім прасоўваў шакалад з гучнай назвай «Губоповский» – у гонар ГУБАЗіКа, сілавой структуры, сумна вядомай сваёй роляй у пераследзе беларусаў пасля 2020 года.

Відэа з’явілася ў сацыяльных сетках кандытарскай фабрыкі «Камунарка». У кадры мужчына ў цывільным, ураджэнец Магілёва, які з сур’ёзным выглядам звяртаецца да «бандытаў, карупцыянераў і экстрэмістаў», расхвальваючы ласунак. Паводле яго слоў, шакалад «пазбаўляе ад дрэнных думак, карысны для мозгу і падымае настрой”.

Сама «Камунарка» пацвердзіла сваё аўтарства і назвала ролік «ідэальнай рэкламай».

Аднак спажыўцы з такой ацэнкай не пагадзіліся. У Threads публікацыя за сем гадзін набрала толькі чатыры лайкі – і столькі ж каментароў. 

Прычым усе да аднаго – рэзка адмоўныя. Пасля хвалі негатыву «Камунарка» ролік выдаліла.

Паводле наяўных звестак, шакалад «Губоповский» першапачаткова не прызначаўся для рознічнага продажу: меркавана, ён быў выпушчаны па замове сілавых структур – да юбілею ГУБАЗіКа. 

Выхад відэа ў адкрыты доступ, відаць, стаў непрадуманым рашэннем, якое абярнулася рэпутацыйным правалам як для магілёўскага блогера, які мае патрэбу ў падтрымцы мозгу, так і для аднаго з найстарэйшых кандытарскіх прадпрыемстваў краіны.

Фота “Наша Ніва”.

← Усе навіны Магілёва