Арганізаваная праўладнымі прафсаюзамі выстава дзіцячага малюнка ў Магілёве паказала не толькі таленты дзяцей, але і глупствы, якія не саромяцца казаць дарослыя.
У холе Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў адкрылася выстава дзіцячага малюнка “Першамай крочыць па краіне”. З 200 паступіўшых прац журы выбрала 33, якія палічыла найлепшымі. Іх і павесілі ў прафсаюзным холе. Усё было б добра і прыгожа, калі б не словы датычна выставы, вымаўленыя старшынёй абкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі Людмілы Старасцінай.
“Гледзячы на гэтыя малюнкі, разумееш, што нашы дзеці – сапраўдныя патрыёты. Яны адчуваюць гісторыю, памятаюць пра подзвіг продкаў і вераць у мірную будучыню Беларусі” – заявіла яна.
Прафсаюзны бос, напэўна, цалкам забыла гісторыю і згубілася ў сучаснасці. Свята працы, як цяпер называецца свята Першага мая, паходзіць ад Дня міжнароднай салідарнасці працоўных. Пра які “сапраўдны патрыятызм” тады ідзе гаворка, калі салідарнасць працоўных гэта зусім пра іншае і хутчэй супрацьлеглае – пра дапамогу такім жа працоўным на цэлым свеце, не зважаючы на дзяржаўныя межы, мовы, колер скуры і гэтак далей. Але Старасцінай, відаць, абы ляпнуць, ведаючы, што ў цяперашняй Беларусу ёй ніхто на гэта не ўкажа.
А які подзвіг народа прафсаюзная функцыянерка мае на ўвазе? Паколькі цяпер Магілёў у прыпадку “победобесия” рыхтуецца да пампезнага святкавання 9 мая, то, напэўнае, гэта паўплывала і на Старасціну. Таму яна і лічыць Першамай нейкім дзіўным чынам звязаным з наступным святам. Тады хочацца ёй нагадаць, што Першамай у Магілёве святкавалі і пры нямецка-фашысцкай акупацыі, бо гэта было афіцыйным святам у гітлераўскай Германіі і называлася «Нацыянальным днём працы». Таму дзеці можа і адчуваюць гісторыю, а вось Старасціна – дакладна не.
Фотаздымак: mogilev.1prof.by
