Пракуратура выявіла парушэнні пры эксплуатацыі кар’ераў у Магілёўскім раёне.
Пракуратура Магілёўскага раёна праверыла, як прадпрыемствы выконваюць заканадаўства аб ахове зямель пры распрацоўцы кар’ераў.
Правяраючыя ацэньвалі захаванасць знятага ўрадлівага слоя глебы, шукалі факты незаконнай здабычы карысных выкапняў, а таксама глядзелі, ці не ператвораны кар’еры ў стыхійныя звалкі.
Выяўленыя парушэнні:
- на пад’язных шляхах да шэрагу кар’ераў не было шлагбаумаў – любы ахвотны мог прыехаць і бескантрольна вывезці пясок або жвір;
- на тэрыторыі ўжо адпрацаваных і рэкультываваных кар’ераў выяўлена несанкцыянаванае захоўванне адходаў.
Тром прадпрыемствам вынесены прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў – і тыя іх выканалі.
Найбольш жа сур’ёзны эпізод звязаны з прамысловым кар’ерам, дзе здабыча вялася за межамі адведзенага па дакументах участка.
Аб’ём незаконна здабытых карысных выкапняў склаў амаль 997 кубічных метраў, шкода навакольнаму асяроддзю перавысіла 130 тысяч рублёў.
Па гэтым факце пракуратура ініцыявала асобную праверку.
Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.
