губернатар

Сорак гадоў да асабістага прыёму. “Губернатар” Ісачанка дзейнічае

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка правёў асабісты прыём грамадзян. Тры пытанні, якія на ім разбіралі, цікавыя не самі па сабе, а тым, колькі інстанцый яны прайшлі, перш чым трапіць да першай асобы вобласці.
Жыхар Чавусаў атрымаў пакой у 1986 годзе, пазней рашэннем адміністрацыі саўгаса «Асінаўскі» яму перадалі будынак цалкам. Участак пад домам у карыстанні, ацэнка ў БТІ праведзена. Чалавек прасіў паскорыць афармленне права ўласнасці. Вынік прыёму: да першага снежня сабраць поўны пакет дакументаў і па камісійным рашэнні пытанне вырашыць станоўча.
Гэта значыць, перашкод па сутнасці няма – і не было. Сорак гадоў валодання спатрэбілася давесці да прыёму ў старшыні аблвыканкама, каб паперы нарэшце сабралі.
Жыхарка Круглага тры гады дамагаецца якаснага рамонту дома. У яе звароце – сістэматычнае падтапленне, правалы асфальту, разбураная адмостка, работы, выкананыя з парушэннем тэрмінаў.
Вынік прыёму: профільным службам даручана правесці маніторынг дома на прадмет выяўлення цвілі, працечак і іншых дэфектаў. Праз тры гады перапіскі пытанне стаіць гэтак жа, як у першы дзень: трэба разабрацца, ці ёсць усё тое, пра што жанчына заяўляе.
Трэці зварот – ад бацькоў юных пяціборцаў. Адзінай базы ў абласным цэнтры няма, дзеці ездзяць паміж цірам, «Домам спорта» і цэнтрам алімпійскага рэзерву па конным спорце, а дарожак у «Доме спорта» на ўсіх не хапае. Прасілі памяшканне. Вынік: узята пад асабісты кантроль, службам даручана прапрацаваць варыянты.
Між тым сістэма, у якой гэтыя пытанні павінны былі закрыцца, існуе і падрабязна апісана. Ёсць закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, ёсць адзіная рэспубліканская сістэма для электронных зваротаў, ёсць графікі асабістых прыёмаў, распісаныя на паўгоддзе наперад.
Профільныя начальнікі абласнога ўзроўню ездзяць з прыёмамі па раёнах – галоўнае ўпраўленне ЖКГ, галоўнае ўпраўленне землеўпарадкавання, упраўленне спорту і турызму. Кожнаму з трох зваротаў адпавядае свой паверх гэтай канструкцыі, і на кожным паверсе пытанне па нейкіх прычынах не вырашылася.
Асабісты прыём у кіраўніка вобласці задуманы як апошняя інстанцыя для выключных выпадкаў. На практыцы ён працуе як адзіны спосаб зрушыць з месца звычайную справу: аформіць дакументы на дом, дзе чалавек жыве сорак гадоў, дамагчыся праверкі ўласнай кватэры, знайсці залу для дзіцячай секцыі.
Нічога выключнага ў гэтых трох гісторыях няма – акрамя таго, што для іх вырашэння спатрэбілася трапіць да старшыні аблвыканкама.
Адсюль і слова, якім абласное выданне называе Ісачанку, – губернатар. Пасада яго называецца інакш, і ён на яе не абіраўся, а быў прызначаны. Але тытул падабраны дакладна па сутнасці таго, што адбываецца: губернатар – той, хто вырашае пытанні сваёй воляй, а не той, пры кім працуюць працэдуры. Розніца бачная ў дзеясловах справаздачы: даручыў, узяў пад асабісты кантроль, вырашыў станоўча.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

← Усе навіны Магілёва