Па стане на 8 жніўня 2026 года Беларусь усё яшчэ не паведаміла Euronews, чаму Горацкі суд прызнаў сайт гэтага СМІ “экстрэмісцкім” і не выклала матывіроўку.
Нагадаем, што 4 жніўня 2026 года раённы суд у Горках прызнаў сайт euronews.com “экстрэмісцкім”. На падставе гэтага партал цяпер запісаны ў “Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў”, што вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. Гэта азначае, што доступ да сайта тэлеканала на тэрыторыі краіны цяпер абмежаваны, а карыстальнікам пагражае адміністрацыйная адказнасць за захоўванне або распаўсюд яго матэрыялаў. Euronews запатрабаваў тлумачэнняў ад Беларусі наконт рашэння Горацкага суда.
“Па стане на суботу Беларусь усё яшчэ не паведаміла Euronews аб сваім рашэнні, якое, як паведамляецца, было прынята 4 жніўня, і не выклала яго матывіроўку”, паведаміў Euronews на сваім сайце.
Разам з тым тэлеканал адзначае, што рашэнне забараніць сайт Euronews, назваўшы яго “экстрэмісцкім” і ўключыўшы ў “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”, азначае сабой новую эскалацыю рэпрэсій з боку ўлад Мінска ў дачыненні да незалежных СМІ і свабоды слова.
Euronews нагадвае, што Міністэрства інфармацыі ўжо забараняла трансляцыі тэлеканала ў красавіку 2021 года пасля таго, як ён асвятляў агульнанацыянальныя пратэсты супраць беларускага дыктатара.
Афіцыйным аргументам ўрада ў Мінску тады было тое, што тэрмін дзеяння ліцэнзіі Euronews на вяшчанне скончыўся і што канал публікаваў рэкламу на англійскай мове, а не перакладаў яе на рускую ці беларускую мовы ў адпаведнасці з мясцовым заканадаўствам. Euronews таксама не быў апавешчаны аб гэтым рашэнні і даведаўся аб забароне з беларускіх СМІ.
Дарэчы, у Расіі ў сакавіку 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, тамтэйшыя ўлады забаранілі тэлевізійныя і лічбавыя платформы Euronews, паколькі тэлеканал адмовіўся падпарадкоўвацца цэнзурным і прапагандысцкім мерам, уведзеным Крамлём у дачыненні да СМІ.
Фотаздымак: Euronews
