суд горкі

Euronews чакае тлумачэнняў ад Беларусі наконт рашэння Горацкага суда

Euronews раскрытыкаваў рашэнне Горацкага райсуда прызнаць інтэрнэт-сайт тэлеканала «экстрэмісцкім».

“Дзяржава, якая называе Euronews “экстрэмісцкім” і блакуе доступ да незалежнай, бесстаронняй журналістыкі, дэманструе ўласны страх перад свабоднай журналістыкай” – цытуе Euronews свайго рэдакцыйнага дырэктара Клауса Штрунца. 

“Нас не праінфармавалі аб гэтым рашэнні, і мы чакаем абгрунтавання з боку ўладаў. Наша пазіцыя застаецца нязменнай: мы падтрымліваем нашых гледачоў у Беларусі і будзем працягваць прадастаўляць аб’ектыўную, незалежную журналістыку, кіруючыся нашымі асноўнымі рэдакцыйнымі каштоўнасцямі” – адзначыў Штрунц.

Улады Беларусі пакуль не агучылі рашэнне і не прадставілі аргументы, якія абгрунтоўваюць гэтую радыкальную меру, у выніку якой Euronews быў прызнаны «экстрэмісцкімі».

Нагадаем, што “лёсавызначальная” для Euronews падзея адбылася 4 жніўня 2026 года. Тады ў Горках рашэннем раённага суда сайт euronews.com еўрапейскай тэлекампаніі прызналі “экстрэмісцкім”. На падставе гэтага партал цяпер запісаны ў “Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў”, што вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. Гэта азначае, што доступ да сайта тэлеканала на тэрыторыі краіны цяпер абмежаваны, а карыстальнікам пагражае адміністрацыйная адказнасць за “захоўванне або распаўсюд” яго матэрыялаў.

Напрыканцы ліпеня 2026 года Горацкі райсуд таксама прызнаў “экстрэмісцкім” сайт найбуйнейшага польскага інфармагенцтва – Польскага агенцтва друку (РАР). 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва