Аддзел занятасці Быхаўскага райвыканкама справаздачыўся пра летнюю кампанію: на 2026 год запланавана не менш за 250 працоўных месцаў для навучэнцаў, 213 падлеткаў ужо працаўладкаваны. Працаваць можна з чатырнаццаці гадоў, у вольны ад вучобы час.
Два адрасы ў гэтай справаздачы стаяць асобна. Першы – ЧПТУП «Назарэвіч Стандарт», сетка крам «Скідачка»: прыватны бізнес у спісе наймальнікаў з’явіўся ўпершыню, чатырнаццаць падлеткаў выконвалі падсобныя работы ў гандлёвых аб’ектах і на складах. Плаціў за іх не ўладальнік. Паводле правілаў Мінпрацы, наймальніку пералічваюць грошы на аплату працы падлетка са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва – у межах мінімальнай зарплаты прапарцыянальна адпрацаванаму часу, разам са страхавымі ўзносамі. Даплаціць зверху наймальнік мае права, але не абавязаны.
Другі адрас – Быхаўскі сацыяльны пансіянат «Ірдзіца», псіханеўралагічны інтэрнат, куды школьнікаў адправілі па праекце Міністэрства працы «Час добрых спраў» палоць гародніну і даглядаць кветнікі.
Праца там наладжана даўно: падсобная гаспадарка дае мяса і малако, лішкі прадаюць, вырабы сталярнай, абутковай і швейнай майстэрняў робяць самі пражываючыя, і яны таксама ідуць на рэалізацыю. У 2020 годзе пазабюджэтны даход установы склаў 12,5 працэнта да бюджэтнага фінансавання – найлепшы паказчык сярод дамоў-інтэрнатаў вобласці. Працу падапечных пры гэтым называюць лячэбнай тэрапіяй і сацыяльнай адаптацыяй.
Далей пачынаюцца прозвішчы, і вось тут справаздача перастае быць сумнай.
Аўтар справаздачы – начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вольга Квартальная (на фота).
Раней яна працавала ў іншым месцы: у студзені 2015 года раённая газета расказвала пра працаўладкаванне абавязаных асоб, і пра тое, як гэта ўладкавана, гаварыла спецыяліст па кадрах ААТ «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод» Вольга Квартальная.
На заводзе тады працавалі чацвёра абавязаных асоб падсобнымі рабочымі, годам раней іх было сямёра, трое да таго моманту апынуліся ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. Цытата з той нататкі: наведваем дома, пры неабходнасці едзем і вязём на працу, тэлефануем у міліцыю, шукаем прагульшчыка, прыводзім на працу, спуску ні ў чым не даём.
Пры антыкрызісным кіраўніку Аляксандры Марозаве Квартальная была ўжо начальнікам аддзела кадраў завода. У 2022 годзе суд Быхаўскага раёна прысудзіў Марозава да сямі з паловай гадоў калоніі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, крадзёж і службовы падлог: прэміі сабе да святаў, камандзіроўкі за мяжу за кошт прадпрыемства і прыпіскі ў справаздачнасці, каб прыбытак выглядаў замест страт. Завод пасля гэтага дабанкруціўся дашчэнту і ў верасні 2024 года быў ліквідаваны.
Кадравая служба завода ў райвыканкаме не прапала. Да снежня 2023 года Квартальная ўжо ўзначальвае аддзел занятасці і водзіць школьнікаў на прафарыентацыю – у тым ліку ў ГУКДСП «Быхаўская ПМК-247», прадпрыемства, якое разам з заводам лічылася стратным яшчэ ў 2013 годзе. Курыраваў сацыяльную сферу раёна ў гэты час намеснік старшыні райвыканкама Віктар Агнетаў, нязменны старшыня раённай выбарчай камісіі.
У жніўні 2025 года Агнетаў змяніў кабінет: ён стаў дырэктарам той самай «Ірдзіцы». Яго намеснікам працуе Сяргей Безднікаў – былы міліцыянер і былы майстар таго ж кансервава-агароднінасушыльнага завода. А сетка «Скідачка», якая прыняла школьнікаў на склады, належыць сыну Ніны Назарэвіч, якая да 2014 года ўзначальвала філіял «Макранскі» – сельгаспадраздзяленне ўсё таго ж завода.
У выніку адна летняя праграма замыкаецца на трох пунктах, і ў кожным – чалавек з аднаго збанкрутаванага прадпрыемства:
- Аддзел, які размяркоўвае школьнікаў, вядзе былы кадравік завода.
- Пансіянат, куды іх адправілі палоць градкі, узначальвае ўчарашні куратар сацыяльнай сферы раёна, а яго намеснік – былы завадскі майстар.
- Прыватная сетка, куды іх адправілі на склады, належыць сыну былога дырэктара завадскога філіяла.
Старшыні Быхаўскага райвыканкама за гэтыя гады мяняліся не раз. Людзі, якія вядуць кадры, ідэалогію і занятасць, не мяняліся – яны пераходзілі з кабінета ў кабінет па крузе, і кожны наступны круг аказваўся бліжэй да грошай: спачатку абавязаныя асобы на заводзе, цяпер падлеткі, чыю працу аплачвае бюджэт, і падапечныя інтэрната, чыю працу не аплачвае ніхто.
Можа быць таму раён застаецца зонай, дзе прызначаных Лукашэнкам вертыкальшчыкаў мясцовыя шэрыя кардыналы шчоўкаюць як семкі, заводы і калгасы банкрутуюць, а на патрабаваннях аб навядзенні парадку ў Быхаве нязменны кіраўнік краіны паспеў састарэць?
Фота быхаўскай раённай газеты.
