калонія №17

«Калі білі, значыць, было за што»? Хто служыць у шклоўскай калоніі №17

Пад нашым відэа пра пажар у шклоўскай выпраўленчай калоніі №17 сабралося тры з паловай дзясяткі каментароў. Спрэчка ў іх атрымалася больш паказальнай за сам пажар.
Пачала яе карыстальніца, у якой у калоніі з 2012 года працуе сын, і паводле яе слоў, здзеквацца са зняволеных супрацоўнікам строга забаронена – могуць толькі голас павысіць, а харчаванне добрае і пасля працы людзі ходзяць не ў робах, а ў цывільным. Заканчваўся каментар словамі “гэта вам не пры СССР”.
Яе падтрымала другая каментатарка, у якой у ВК-17 сядзіць сын: супрацоўнікі нармальныя, рамонт добры, кормяць вельмі добра.
Запярэчыў ім мужчына, які адбываў пакаранне ў гэтай самай калоніі з 2017 года і вызваліўся ў 2022-м, што з 2019 па 2022 гады там білі ўсіх, што білі і яго, і што ён знаходзіўся ў суседняй камеры, калі ў штрафным ізалятары забівалі палітвязня.
Далей у спрэчцы адбылося галоўнае. Жанчына, якая пачынала з таго, што ніхто ні з каго не здзекуецца, напісала: “калі білі, значыць, было за што”. І дадала, што тыя, хто сядзеў тады за палітыку, не скардзіліся, а суразмоўцу параіла жыць далей па-за Беларуссю, таму што шкадаваць яго яна не збіраецца.
За адну спрэчку пазіцыя маці супрацоўніка зрушылася з «гэтага не бывае» на «бывае, але заслужана».
Спрачацца з гэтым бессэнсоўна, а вось назваць тых, пра каго ідзе гаворка, можна і трэба. Прозвішчы афіцэраў шклоўскай калоніі ўстаноўлены і апублікаваны некалькі гадоў таму – праваабарончым цэнтрам «Вясна», расследавальнікамі BelPol, «Альянсам расследвальнікаў Беларусі» і motolko.help. Гэта не ананімы з каментароў, а атэставаныя супрацоўнікі Дэпартамента выканання пакаранняў, якія прымалі прысягу:

  1. Аляксандр Карніенка, 1978 года нараджэння, начальнік ВК-17 з 2019 года. Службу пачынаў у 2000 годзе у магілёўскім АМАПе, звольніўся, аднавіўся праз два гады. Паводле кадравых даных BelPol, мяняў месцы службы адно за адным: магілёўская калонія №15, намеснік начальніка ВК-19, начальнік ЛПП №7, намеснік начальніка СІЗА №1, намеснік начальніка ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці.
  2. Аляксей Маскалёў, намеснік начальніка калоніі па рэжымна-аператыўнай рабоце. Скончыў Акадэмію МУС, пачынаў начальнікам атрада ў магілёўскай ВК-15 і дарос там да начальніка рэжымнага аддзела. У чэрвені 2009 года атрымаў вымову за нізкую выканаўчую дысцыпліну і ўпушчэнні ў аператыўнай рабоце, у снежні 2017-га – папярэджанне за неналежнае выкананне абавязкаў. У Шклове служыць з 2017 года. Былыя зняволеныя кажуць, што загады на збіццё аддае менавіта ён.
  3. Сяргей Карчэўскі, начальнік рэжымнага аддзела. Пачынаў майстрам у бабруйскай калоніі №2, быў оперупаўнаважаным і інспектарам, у 2015 годзе ўзначаліў аддзел тылавога забеспячэння магілёўскай турмы №4, з 2017 года ў Шклове. Менавіта ён зняты на відэа з камеры, дзе ўтрымліваўся Вітольд Ашурак.
  4. Наталля Дабрадзеравец, жонка Карчэўскага, у 2021 годзе – начальніца медыцынскай часткі ВК-17 у званні маёра. Неўзабаве пасля смерці Ашурка пайшла на павышэнне: намеснік начальніка ЛПП №7 у Магілёве па лячэбна-прафілактычнай рабоце, падпалкоўнік.

Былы вязень калоніі назваў і іншых супрацоўнікаў, датычных, паводле яго слоў, да ціску на зняволеных:

  • Дзяніс Сазонаў;
  • Іван Галанаў;
  • Віталь Краўчанка;
  • Павел Прохараў;
  • Дзмітрый Удодаў.

Асобна расследавальнікі называлі ўрача-псіхіятра Ігара Кандраценкава і ўрача Таццяну Развянкову.
Вітольд Ашурак, актывіст з Бярозаўкі, памёр у ВК-17 21 мая 2021 года, правёўшы ў калоніі каля месяца. Афіцыйная версія – спыненне сэрца. Цела родным аддалі з забінтаванай галавой; у калоніі патлумачылі, што яго ўпусцілі пры выгрузцы з халадзільніка. Следчы камітэт крымінальны характар смерці адхіліў, крымінальная справа не распачыналася.
Парадак у шклоўскай калоніі апісаны дзясяткамі сведчанняў і даўно не з’яўляецца чыімсьці асабістым уражаннем: прыбылых палітзняволеных адразу адпраўляюць у штрафны ізалятар і афармляюць злоснымі парушальнікамі рэжыму, б’юць там, дзе няма камер, а двойчы на дзень зняволеных перад дзвярыма прымушаюць спяваць гімн Беларусі.
У калоніі ёсць і перадгісторыя. Яе ранейшы начальнік, палкоўнік Сяргей Ермаліцкі, кіраваў установай дваццаць два гады. У кастрычніку 2011 года яму забаранілі ўезд у краіны Еўрасаюза – за жорсткае абыходжанне са зняволенымі і пераслед Мікалая Статкевіча. У 2015 годзе Ермаліцкага павысілі да начальніка абласнога ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў у Гомелі.
Пасля смерці Ашурка ў калонію прыязджала пракуратура. Пра вынікі праверкі не паведамлялася, кіраўніцтва засталося на сваіх месцах, а начальніца медчасткі атрымала наступнае званне. Наконт СССР каментатарка мае рацыю: пры СССР за такое здымалі з пасады, а часам і судзілі.
Што да пераходу на асобы, то называць людзей, датычных да здзекаў, мы будзем пастаянна. Паўзводна і паротна. Да таго часу пакуль яны не зоймуць сваё месца на лаве падсудных.

Фота by.tribuna.com.

← Усе навіны Магілёва