У Магілёве распачалі крымінальную справу аб крадзяжы ў асабліва буйным памеры. Шасцідзесяцігадовы гараджанін увечары выгульваў сабаку, убачыў барсетку з грашыма, якая ляжала, схаваў іх у лесапаласе, а сумку выкінуў. У барсетцы было больш за 55 тысяч рублёў у эквіваленце – грошы належалі іншаземцу, які прыехаў у госці да сваяка-магілёўца.
Заяву ў Ленінскае РУУС падаў сваяк, які прымаў госця. Мужчыну знайшлі за дзве гадзіны, дапамаглі камеры Цэнтра маніторынгу грамадскай бяспекі. Грошы канфіскавалі і цалкам вярнулі ўладальніку. У міліцэйскім паведамленні асобна адзначана, што фігурант раней неаднаразова быў судзімы.
Справа распачата аб крадзяжы. Пры гэтым у Крымінальным кодэксе ёсць асобны артыкул 215 – прысваенне знойдзенай заведама чужой маёмасці. Санкцыі ў двух складаў несупастаўныя:
- прысваенне знойдзенага ў асабліва буйным памеры – грамадскія работы, штраф або арышт;
- крадзеж у асабліва буйным памеры – ад трох да дванаццаці гадоў пазбаўлення волі.
Мяжу паміж артыкуламі правёў Вярхоўны суд: прысваеннем знойдзенага лічыцца толькі тая маёмасць, якая сапраўды выбыла з валодання гаспадара, а рэч, часова пакінутая без нагляду, з яго валодання не выбывае.
Барсетку ў міліцэйскім паведамленні апісваюць менавіта як пакінутую без нагляду. Адно гэтае азначэнне і пераводзіць эпізод з артыкула з грамадскімі работамі ў артыкул з калоніяй.
Якія высновы можна зрабіць з таго, што адбылося:
- Замок у гэтым выпадку ніхто не ўзломваў і кішэню ніхто не рэзаў.
- Эфектыўна спрацавалі не міліцыянеры, а камеры відэаназірання.
- Раскрыццё крадзяжу ў асабліва буйным памеры гучыць значна больш салідна, чым нейкая драбяза пра прысваенне чужой маёмасці.
- Неаднаразовыя судзімасці магілёўца непасрэднага дачынення да справы не маюць.
