Белшына

Бабруйская “Белшына” дабілася павелічэння пошлін на імпартныя шыны ў ЕАЭС

Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК) ўвяла антыдэмпінгавыя пошліны 11-12% на грузавыя шыны з Тайланда і В’етнама.

Рашэнне аб увядзенні пошлін на імпарт грузавых шын з гэтых дзяржаў, як піша расійскі “Камерсант”, прынялі ў выніку расследавання, якое праводзілі з канца 2025-га па ініцыятыве вытворцаў з краін ЕАЭС – “Белшыны”, “Кардыянта” і Ніжнекамскага завода грузавых шын. Яно ўстанавіла наяўнасць дэмпінгавага імпарту грузавых шын з Тайланда і В’етнама. Гэта прывяло да зніжэння фінансавых паказчыкаў мясцовых вытворцаў, якія былі вымушаныя стрымліваць цэны на свой тавар. Пры гэтым доля брэндаў з Тайланда і В’етнама на рынку ЕАЭС апошнім часам вырасла. Так, у перыяд расследавання пры зніжэнні спажывання на 12,1% аб’ём імпарту з гэтых краін практычна не змяніўся. Гэта і прывяло да росту долі брэндаў грузавых шын з Тайланда і В’етнама на рынку ЕЭАС.

ЕЭК прапанавала ўвесці пошліны ў дачыненні да шын тайскіх Prinx Chengshan і Maxxis International у памеры 17,05%, астатніх вытворцаў краіны – 22,37%. Шыны в’етнамскіх Jinyu павінны абкладацца пошлінай у 11,31%, Vietnam COFO Tires – 14,99%, Sailun – 16,48%, Advance Tyre і іншых прадпрыемстваў краіны – 17,25%. Такі крок, на думку экспертаў, знізіць цэнавы ціск на лакальныя кампаніі, але створыць рызыкі скарачэння асартыменту і росту канчатковых коштаў на шыны і тарыфу на перавозкі.

Фотаздымак: shina.guide

← Усе навіны Магілёва