Аляксандра Міхеенка

З Касцюковіцкага райвыканкама – у парламент, каб узмацняць райвыканкамы

«Дэпутат» Палаты прадстаўнікоў Аляксандра Міхеенка ў інтэрв’ю касцюковіцкай раёнцы да 30-годдзя беларускага парламентарызму тлумачыць, што «парламент пачынаецца на месцах».
Галоўным прыкладам сваёй работы яна называе ўказ аб пашырэнні магчымасцей старшынь райвыканкамаў: «Я была адным з распрацоўшчыкаў гэтага ўказа». Яшчэ адна яе заслуга, паводле яе слоў, – папраўкі ў закон аб бюджэце на 2025 год па рэзервовым фондзе і даходах раённага бюджэту.
Мяркуючы па апісанні, гаворка пра ўказ №74 ад 21 лютага 2025 года. Паводле яго старшыні райвыканкамаў самі распараджаюцца рэшткамі раённага бюджэту, узгадняюць кіраўнікоў арганізацый на сваёй тэрыторыі і выносяць пісьмовыя прадпісанні, за невыкананне якіх надыходзіць адміністрацыйная адказнасць.
Парламент паводле закона – прадстаўнічы орган: дэпутаты прадстаўляюць выбаршчыкаў, а падзел уладаў патрэбны для таго, каб заканадаўчая ўлада ўраўнаважвала выканаўчую.
З Міхеенка ўсё наадварот. З сакавіка 2020 года яна кіравала Чэрыкаўскім раёнам, затым яе зацвердзілі старшынёй Касцюковіцкага райвыканкама, і на выбары ў лютым 2024 года яна ішла дзейнай старшынёй.
Прызначаная чыноўніца выканаўчай улады перайшла ў заканадаўчую і займаецца там тым, што ўзмацняе прызначаных чыноўнікаў. Прычым не законам, а ўказам Лукашэнкі – дакументам, за які парламент нават не галасуе.
Парламент, паводле слоў Міхеенка, пачынаецца на месцах. Мяркуючы па яе рабоце, там жа, у кабінеце старшыні райвыканкама, ён і заканчваецца.

Фота касцюковіцкай раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва