Будынкі былога гарваенкамата ў цэнтры Магілёва, два з якіх маюць гісторыка-культурную каштоўнасць, выставілі на таргі з пачатковай цаной больш за 1,6 млн рублёў.
У самым цэнтры Магілёва, побач з гарвыканкамам, вырашылі прадаць комплекс будынкаў, у якіх да канца 2024 года размяшчаўся гарадскі ваенкамат. Цяпер гэтая нерухомасць шукае новага гаспадара.
Ваенкамат пераехаў з будынкаў па вуліцы Першамайскай і Камісарыятскім завулку на вуліцу Крупскай у снежні 2024 года. Вызваленыя памяшканні засталіся ў гарадской уласнасці, аднак цяпер іх выставілі на аўкцыён, які прызначаны на 30 лістапада. Прадаюцца тры двухпавярховыя цагляныя будынкі плошчай 466,5, 430,3 і 355,3 м2. Разам з імі новаму ўласніку дастануцца цагляная гаспадарчая пабудова плошчай 72 м2 і невялікі дашчаны сарай на 6,8 м2.
У кошт уключылі таксама добраўпарадкаванне тэрыторыі, металічныя вароты, цагляныя агароджы і каналізацыю. Увесь комплекс займае зямельны ўчастак плошчай 0,163 га.
Ёсць у гэтай нерухомасці і гістарычная асаблівасць. Два з трох будынкаў, якiя плошчай 430,3 і 355,3 м2 уваходзяць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Магілёва», якая не мае асобнай катэгорыі.
Гэта азначае, што будучаму ўласніку давядзецца ўлічваць патрабаванні заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.
Пачатковая цана ўсяго комплексу складае 1 652 153 рублі 49 капеек, або прыкладна 555 тыс. долараў.
Фотаздымак: et.butb.by
