Быхаў кансервы

Быхаўскі кансервавы завод стаў рызыкоўным толькі пры прыватніку

У лістападзе на Быхаўскі кансервавы завод прыйдуць адразу тры ведамствы – падатковая, Дзяржстандарт і Мінпрыроды. Завод знаходзіцца ў плане выбарачных праверак, які Камітэт дзяржкантролю склаў на другое паўгоддзе 2026 года. Трапляюць туды пры наяўнасці інфармацыі пра высокую рызыку парушэнняў, а падатковая на ўсё паўгоддзе запланавала па ўсёй краіне толькі 71 праверку.

Высокую рызыку дзяржава ўбачыла ў прыватніку. З 2023 года завод належыць ТАА «Быхаўскі кансервавы завод», якое стварыла расійская «Экспресс-Кубань», выкупіўшы вытворчыя магутнасці збанкрутаванага дзяржаўнага ААТ «Быхаўскі кансервава-гароднінасушыльны завод». Дырэктар – Аюб Абдулмуслімаў, марка «Хозяин-Барин» захавалася, а новае прадпрыемства працуе без даўгоў папярэдніка.

Папярэдніка дзяржава лічыла не рызыкай, а пацыентам. У 2006 годзе завод прызначылі базавым прадпрыемствам, далі льготныя крэдыты і пабудавалі фактычна новы завод за 56 мільярдаў недэнамінаваных рублёў.

Апошнім дырэктарам быў Сяргей Грамыка. Пры ім камерцыйнымі справамі завода займаўся Ігар Хурсан, сын першага намесніка дырэктара вінаробнага «МогНата» Валерыя Хурсана, а ў фірменнай краме завода прадавалася магілёўскае віно без накладных.

У 2013 годзе кантралёры выявілі, што пасля мадэрнізацыі завод зарабіў за год каля 400 долараў чыстага прыбытку. У 2014 годзе яго не закрылі, а ўключылі ў спіс прадпрыемстваў на санацыю з правам на дзяржаўную падтрымку. Дырэктараў з таго часу не было – толькі антыкрызісныя кіраўнікі.

У лістападзе 2015 года кіраўніком стаў Аляксандр Марозаў. У 2017 годзе ён расказваў пра першы прыбытак, пра мяса, дададзенае ў баршчы, і грыбы ў салянках і абяцаў за некалькі гадоў выцягнуць завод.

Пазней Марозаў значыўся ўжо выканаўчым дырэктарам пры антыкрызіснай кіраўніцы Таццяне Корань – гэтую дублюючую пасаду суд потым паставіў яму ў віну разам са стратамі за 2016-2019 гады.

Марозаў атрымаў сем з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за перавышэнне паўнамоцтваў, крадзеж і службовы падлог. Прысуд вынеслі ў ліпені 2022 года, праз тры гады пасля апошняга эпізоду.

Апошнім антыкрызісным кіраўніком да банкруцтва быў Аляксандр Бондараў. У снежні 2020 года ён дакладваў пра рост вытворчасці, прыбытку і выручкі.

На завод Бондараў прывёў кіроўцам свайго раней судзімага сына і пасадзіў яго ў кабінет побач са сваім.

У 2021 годзе выпуск кансерваў скараціўся амаль удвая, у снежні 2022 года завод прызналі банкрутам з даўгамі каля 11,4 мільёна рублёў. Пасля ліквідацыі сход крэдытораў не знайшоў падстаў прыцягваць службовых асоб да адказнасці па гэтых даўгах.

Атрымліваецца, нізкай рызыкай быў завод, дзе адзін кіраўнік атрымаў тэрмін, другі гандляваў віном без накладных, трэці трымаў судзімага сына ў суседнім кабінеце. Высокая рызыка з’явілася, калі завод стаў прыватным і перастаў назапашваць даўгі.

Фота з адкрытых крыніц.

← Усе навіны Магілёва