Бабруйск адзначыць 109-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. А 10-й раніцы 7 лістапада кіраўніцтва горада, Камуністычная партыя, БРСМ і піянеры ўскладуць кветкі да помніка Леніну. А 7 і 8 лістапада ў Бабруйскай крэпасці пройдзе гістарычная рэканструкцыя «Бабруйскі рубеж».
Да рэвалюцыі рэканструкцыя дачынення не мае – яна пра Вялікую Айчынную вайну. Гасцям абяцаюць лагер Чырвонай Арміі, палявую кухню, тэхніку, зброю і форму ваенных гадоў, агітацыйную палатку, цір, фотазону і пляцоўку юнага сапёра. Рэвалюцыю паказаць няма чым, таму свята напаўняюць вайной.

З вайной у 7 лістапада ёсць толькі маскоўская сувязь – парад 1941 года на Краснай плошчы, з якога войскі ішлі на фронт. Бабруйск да таго часу ўжо чатыры месяцы быў акупаваны, немцы занялі яго 28 чэрвеня 1941 года.
Свая дата 7 лістапада ёсць у самой Бабруйскай крэпасці. У ноч на 7 лістапада 1941 года немцы зладзілі пажар у казарме лагера для ваеннапалонных № 131 і расстралялі каля сямі тысяч чалавек. Пра гэта 2 лістапада нагадаў аддзел культуры Бабруйскага гарвыканкама, расказваючы пра кансервацыю «Былой казармы». Напярэдадні, 6 лістапада, горад праводзіць дзень памяці ахвяр Бабруйскага гета. У анонсе рэканструкцыі пра расстрэл у крэпасці ні слова.
Роўна праз 85 гадоў на тэрыторыі той жа крэпасці будуць палевая кухня, фотазона і цір – да гадавіны рэвалюцыі.
Фота planetabelarus.by
