Мінчанка Вольга Шут, абураная выглядам кампазіцыі “Жанчыны-маці” аўтарства Аляксандра Мінькова ў Быхаве, абвесціла аб пошуку інвестара для ўстаноўкі новай скульптуры.
Нагадаем, у Быхаве днямі адкрылі скульптурную кампазіцыю «Жанчыны-маці» да Года беларускай жанчыны: маці і сын у сялянскім адзенні пачатку XX стагоддзя, высечаныя з аднаго гранітнага блока. Магілёўскі скульптар Аляксандр Мінькоў зрабіў жанчыну з ненатуральна вывернутай шыяй, перакошаным тварам і хлопчыка, які са спачуваннем глядзіць на маці. У Быхаўскім райвыканкаме паабяцалі, што заўвагі, якія ёсць па новай скульптуры жанчыны з хлопчыкам, будуць ліквідаваны да канца тыдня.
Аб сваім жаданні паставіць у Быхаве больш прыгожую скульптуру “Жанчыны-маці” Вольга Шут заявіла ў Трэдс. “Мне 41 год. Я жанчына-маці з Беларусі. І я патрабую да сябе павагі. Пакуль Быхаўскі райвыканкам стварае спецыяльныя камісіі і абяцае, што аўтар “на месцы падпіліць шыю і прыбярэ эфект інсульту”, я гляджу на гэты манумент і адчуваю тое самае глыбокае нацыянальнае расчараванне. Таму што справа не ў ракурсе і не ў вугле нахілу шчакі. Справа ў татальнай галечы духу і фальшы” – напісала яна.
Вольга адзначае, што сучасныя жанчыны даглядаюць за сабой, стылёва апранаюцца, будуюць кар’еру, развіваюцца, вядуць бізнес, гадуюць дзяцей у XXI стагоддзі. “Чаму нас упарта спрабуюць адлюстраваць у выглядзе ўбогіх, безаблічных сялянак з дарэвалюцыйных лубкоў?” – задаецца пытаннем мінчанка.
“Што гэта за лубочны стэрэатып з косамі? Дзве абсурдныя касы і бясформеннае сукенка-мяшок – гэта мяжа фантазіі чыноўнікаў і спехам нанятага скульптара? Гэта не даніна традыцыям, гэта культурная імпатэнцыя і няўменне асэнсаваць вобраз сучаснай жанчыны” – дае жанчына сваю ацэнку творчасці магілёўскага скульптара Аляксандра Мінькова.
“Мы не хочам, каб вобраз мацярынства ў нашай краіне асацыяваўся з паспешнай, штампаванай за месяц безгустоўшчынай. Выпраўленая шыя не зробіць гэты помнік мастацтвам. Ён так і застанецца сімвалам правінцыйнага абсурду і глухаты тых, хто яго прыняў” – падагульняе Вольга Шут.
Пасля таго, як пост набраў пад сотню тысяч праглядаў, мінчанка зрабіла выснову, што “ў людзей велізарны запыт на павагу і эстэтыку”. І таму яна заявіла аб пошуку мецэната, дэвелапера альбо бізнес-партнёра.
“Што атрымлівае брэнд:
* Гатовы віральны інфаповад на дзясяткі тысяч ахопаў і лаяльнасць велізарнай жаночай і сямейнай аўдыторыі.
* Заснаванне прызавога фонду для лепшых мастакоў краіны.
* Унікальны арт-аб’ект, які можна ўсталяваць на тэрыторыі вашага ВК, бізнес-цэнтра або прасторы.
Пад моцнага інвестара падцягнуцца лепшыя аўтары. Калі вы – кампанія з добрым густам і каштоўнасцямі – пішыце ў дырэкт. Адзначайце ў каментарах брэнды і забудоўшчыкаў, якім гэта будзе па плячы!” – заклікае Вольга.
Фотаздымак: YouTube@OlyaGeya
