“Быхаўская мадонна” цяпер хаваецца ў палатцы, дзе яе даводзіць да кандыцыі скульптар Мінькоў, з якім цяпер улады спынілі супрацоўніцтва.
Пасля таго, як на кантраверсійную скультуру, якая з’явілася ў Год беларускай жанчыны ў парку Быхава, звярнулі ўвагу спачатку незалежныя журналісты, а потым і ўлады, яе лёс стаў неабыякавым для грамадскасці. Магілёўскі скульптар Аляксандр Мінькоў зрабіў жанчыну з ненатуральна вывернутай шыяй, перакошаным тварам, а побач яе сына, які са спачуваннем глядзіць на маці. У Быхаўскім райвыканкаме паабяцалі, што заўвагі, якія ёсць па новай скульптуры жанчыны з хлопчыкам, будуць ліквідаваны да канца тыдня.
Балгарка надзеі
Праўда, да канца мінулага тыдня прывесці ў належны стан справу сваіх рук Мінькову не ўдалося, затое ўдалося прыцягнуць увагу праўладнага тэлеканала СТБ, які паказаў, як Мінькоў з дапамогай балгаркі і малатка перарабляе скульптуру, на твары якой нанесена чырвоная разметка.
Пасля адкрыцця кампазіцыі найбольш пытанняў у гледачоў выклікалі незвычайныя прапорцыі фігуры, амаль адсутная шыя і дзве касы, адна з якіх апынулася на спіне. Мінькоў тлумачыць, што такое рашэнне было звязанае з размяшчэннем валасоў і нахілам галавы. Паводле яго, з некаторых ракурсаў скульптура выглядае цалкам нармальна.
Не ўсё проста было і з ніжняй часткай помніка. Скульптуру высякалі з сямітоннай гранітнай глыбы, ад якой давялося аддзяліць каля пяці тон каменю. Асобныя месцы, куды цяжка было падабрацца інструментам, аўтар апрацоўваў маленькай балгаркай на працягу двух тыдняў.
“Дайце грошы і час”
Цікава, што самога аўтара першапачатковы вынік сваёй працы задавальняў. Ён сцвярджае, што працаваў не за ганарар, а фактычна зрабіў гораду падарунак. На яго думку, ад хуткай пленэрнай работы не варта было чакаць акадэмічнай дасканаласці.
«Ну хочаце акадэмічнае мастацтва – ну дайце мне круглую суму і год у запасе» – заявіў скульптар журналістам, згадаўшы, што нават у Мікеланджэла знаходзіліся крытыкі.
За плячыма Мінькова больш за 15 гадоў працы і каля 40 створаных скульптур. Аднак менавіта быхаўская «Жанчына-маці» прынесла яму нечаканую вядомасць: паводле аўтара, толькі за суткі пасля скандалу на ягоны акаўнт падпісаліся тры тысячы чалавек.
Чыноўніцкая слепата
Тым часам узнікла пытанне не толькі да скульптара, але і да тых, хто дазволіў усталяваць помнік. Загадчыца сектара культуры Быхаўскага райвыканкама Людміла Кечык паведаміла, што неадпаведнасць гатовай работы зацверджанаму эскізу выявілі падчас урачыстага адкрыцця.
Атрымліваецца, што кампазіцыю паспелі ўсталяваць, падрыхтаваць святочную цырымонію і запрасіць гледачоў, але разыходжанні з эскізам заўважылі толькі тады, калі скульптуру ўжо паказалі публіцы. Між тым прынятая ў траўні 2026 года пастанова Савета Міністраў №218 прадугледжвае паэтапны мастацка-экспертны кантроль вулічных скульптур яшчэ да іх усталявання.
Народны мастак Дагестана, сябра Беларускага саюза мастакоў Хізры Асадулаеў, да якога звярнуліся журналісты, прызнаў, што быхаўская работа выглядае недапрацаванай і зробленай наспех. Аднак асноўныя прэтэнзіі ён выказаў да заказчыкаў, якія дазволілі яе ўстаноўку. Паводле эксперта, ранейшыя работы Мінькова сведчаць, што скульптар здольны працаваць на значна вышэйшым узроўні.
Час скульптурнага адпачынку
Для самога майстра скандал ужо мае практычныя наступствы. Нядаўна яму паведамілі, што супрацоўніцтва з ім прыпынена.
Гэтай восенню Мінькоў паспеў стварыць яшчэ некалькі работ на Магілёўшчыне, у тым ліку скульптуры Алеся і Алесі ў Касцюковічах і бронзавы бюст свінаркі Ніны Баранавай у шклоўскім Гарадцы. Цяпер перспектывы яго наступных замоў апынуліся пад пытаннем.
Ну а канчатковы лёс “Быхаўскай мадонны” павінна вырашыць спецыяльная камісія.
Скрыншот з відэа тэлеканала СТБ
