Валерий Каранкевич Хотимск

Памёр палітык і журналіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч

Журналісцкая супольнасць Магілёўскага рэгіёна панесла страту – учора пайшоў з жыцця Валерый Каронкевіч.

Валерый Міхайлавіч Каранкевіч нарадзіўся ў 1955 годзе. Усё яго жыццё было цесна звязана з Хоцімшчынай. Тут ён узначальваў буйное сельскагаспадарчае прадпрыемства, быў першым намеснікам старшыні райвыканкама.

З прыходам да ўлады так званых «моцных гаспадарнікаў» Каранкевіч палічыў немагчымым працягваць працу чыноўнікам. 

Ён далучыўся да Партыі БНФ і пачаў актыўна займацца палітычнай дзейнасцю. 

У Хоцімску ў яго была своеасаблівая грамадская прыёмная – людзі ішлі да Валерыя Міхайлавіча з надзеяй на дапамогу там, дзе мясцовая ўлада аказвалася бяссільнай.

Ён неаднаразова ўдзельнічаў у выбарчых кампаніях у якасці кандыдата ад БНФ.

Каранкевіч цесна супрацоўнічаў з магілёўскім рэгіянальным парталам 6tv.by, дзякуючы чаму жыццё Хоцімшчыны гучала ў медыйнай прасторы. Яго тэксты былі пра людзей, праблемы і надзеі – заўсёды шчырыя і бескампрамісныя.

Абставіны смерці Валерыя Каранкевіча пакуль невядомыя. Вядома, што трагедыя здарылася ўчора ў першай палове дня, цела Валерыя Міхайлавіча знайшлі ў яго дома. Ёсць падставы меркаваць, што апошнія гады пераслед з боку спецслужбаў аказаў уплыў на яго стан здароўя.

Светлая памяць. 

Успамін пра Валерыя Міхайлавіча застанецца ў сэрцах усіх, хто яго ведаў і шанаваў.