гімназія 4

У магілёўскай гімназіі №4 масава хварэлі дзеці

Успышка норавіруснай інфекцыі адбылася днямі ў гімназіі №4 Магілёва, сцвярджаюць у санстанцыі.

Як сцвярджаюць эпідэміёлагі, у школе дзеці захварэлі менавіта на норавірус, а не з-за харчовага атручвання. У звычайным разуменні норавірус вельмі на яго падобны, бо выклікае востры гастраінтэрыт – запаленне страўніка і кішэчніка. Сімптомы таксама падобныя – ваніты, дыярэя, боль у жываце, слабасць, часам тэмпература. 

Галоўная ж розніца ў тым, што атручванне атрымліваецца з-за з’ядання сапсаваных прадуктаў харчавання, а норавірус перадаецца ад чалавека чалавеку ці праз дрэнна памытыя прадукты.

Магчыма, менавіта таму, як дзяржаўным эпідэміёлагам, так і кіраўніцтву школы важна паказаць, што школьнікі харчаваліся ў гімназіі прадуктамі добрай якасці, а норавірус – гэта справа выпадку, ад якога ніхто не застрахаваны.

Вось і намеснік галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Магілёва і Магілёўскага раёна Аляксандр Бусел кажа, што гэта распаўсюджаны вірус, які часта сустракаецца ў дзіцячых калектывах. Але цяпер, па сцвярджэнні Бусела, навучальная ўстанова працуе ў штатным рэжыме і дзеці могуць без боязі наведваць заняткі. 

Дырэктар гімназіі Дзмітры Аляксеенка пацвярджае, што зараз навучальная ўстанова працуе ў звычайным рэжыме, але на ўваходзе гімназістаў сустракаюць медработнікі дзіцячай паліклінікі №4, якія вымяраюць тэмпературу і пытаюцца пра самаадчуванне.

Фотаздымак: Яндэкс.Карты

← Усе навіны Магілёва