Маналог з наборам прапагандысціх штампаў выдала клімавіцкая “Родная ніва” як рэакцыю на выдаленне з YouTube праўладных медыя – БелТА, АНТ і СТБ.
3 красавіка 2026 года Google выдаліў праўладныя прапагандысцкія каналы БелТА, СТБ і АНТ. Прычына да канца не вядомая, але, па меркаванні незалежных СМІ, яна ў санкцыях. “Чаму гэтыя тры, а не іншыя – верагодна, іх рэгістраваў той ці тыя, хто ў санкцыйным спісе” – піша “Наша ніва”.
А вось ніва, якая не “наша”, а “родная” адразу вызначыла прычыну – амерыканцы заціскаюць “праўду аб Беларусі з першакрыніц”. Пры гэтым ніводнай спробы разабрацца ў правілах самой платформы, ніводнай спасылкі на афіцыйную пазіцыю Google, ніводнага факта, які можна праверыць. Затое ёсць упэўненасць. Без доказаў, але з інтанацыяй апошняй ісціны.
“Родная ніва” лёгка аперуе паняццем “праўда з першакрыніц”, нібыта праўладнае СМІ па змаўчанні з’яўляюцца гарантам аб’ектыўнасці. Хоць у сучасным свеце “першакрыніца” – гэта не знак якасці, а толькі паходжанне інфармацыі. І яна, як вядома, патрабуе праверкі, асабліва калі гаворка ідзе пра медыя, цесна звязаныя з уладай.
Асобна варта спыніцца на сцвярджэнні пра “высокі давер у свеце да беларускіх СМІ”. Гэта выглядае як жаданае, выдадзенае за рэальнае. Без даследаванняў, без рэйтынгаў, без спасылак – проста дэкларацыя.
І тут узнікае лагічнае пытанне: калі давер сапраўды такі высокі, чаму яго трэба настойліва паўтараць, а не паказваць лічбамі?
Замест гэтага чытачу прапануюць звыклую карціну свету: “мы” – носьбіты праўды, а “яны” – тыя, хто гэтую праўду душыць.
Як фінальны акорд рытарычнае пытанне: “Ці патрэбен нам гэты YouTube?”
Гучыць амаль як выклік. Але на справе – як разгубленасць.
Бо калі платформа сапраўды “не патрэбная”, то чаму яе страта выклікае такую эмацыйную рэакцыю? Чаму цэлы артыкул будуецца вакол абурэння яе дзеяннямі?
Адказ відавочны: патрэбная. І яшчэ як.
YouTube – гэта не проста платформа, а глабальная пляцоўка, дзе канкуруюць розныя погляды. І праблема не ў тым, што нехта “заціскае праўду”, а ў тым, што на гэтай пляцоўцы трэба гуляць па агульных правілах. Правілах, пра якія “Родная ніва” вырашыла не ўзгадваць.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
