Война и Могилевщина

Сілавікі заклалі “алею адзінства” ў Касцюковічах

У “дзень яднання” народаў Беларусі і Расіі супрацоўнікі РАУС і ветэраны органаў унутраных спраў высадзілі клёнавую алею. Адзінства, якое яны сімвалізуюць, мае цалкам канкрэтнае аблічча: прарасійскія сілавікі, частка якіх публічна радуецца ўдарам па ўкраінскіх гарадах.

2 красавіка ў Касцюковічах, каля помніка ахвярам Чарнобыля, прайшла акцыя па закладцы Алеі адзінства. Ініцыятыва – раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў. Пяцьдзесят саджанцаў клёна. Тры пакаленні ў пагонах. Усё, як належыць.

Прыкметна, хто менавіта ўвасабляў “волю братэрскіх народаў”. Не настаўнікі, не лекары, не звычайныя жыхары памежнага раёна. Супрацоўнікі РАУС, ветэраны МУС і курсанты ваенна-патрыятычнага клуба “Зубр”. Людзі, чыя прафесія – сачыць за парадкам. А чый гэта парадак – асобнае пытанне.

Я там, дзе вайна

Пакуль касцюковіцкія сілавікі саджалі клёны, іх калегі з тэлеграм-канала “Беларуский силовик” (441 тысяча падпісчыкаў, слоган – “Я там, дзе вайна”) у звыклым рэжыме публікавалі рэпартажы з расійскіх пазіцый ва Украіне, віталі ўдары па ўкраінскіх гарадах і рэтранслявалі Z-ваенкараў.

Канал узнік у сакавіку 2022 года – у тыя дні, калі расійскія войскі штурмавалі Кіеў. Паводле “Нашай Нівы”, за ім стаіць чалавек, звязаны з беларускімі спецслужбамі. Канал настолькі прарасійскі, што многія спачатку лічылі: яго вядуць з Масквы. Але не – гэта наш мясцовы прадукт.

Менавіта такое адзінства ўвасабляюць людзі ў пагонах, якія саджаюць дрэвы ў Касцюковічах. Адзінства, пры якім беларускі сілавік радуецца кожны раз, калі расійская ракета трапляе ў ўкраінскі жылы дом.

Тры пакаленні – адна вайна

Арганізатары акцыі асабліва падкрэслілі сімвалізм: тры пакаленні разам. Ветэраны, дзеючыя супрацоўнікі, моладзь з “Зубра”. “Тры пакаленні ўвасабляюць мінулае, сучаснасць і будучыню”, – сказала старшыня ветэранскай арганізацыі РАУС Людміла Стральцова.

Мінулае – гэта савецкія сілавыя традыцыі: расстрэлы прыгавораных да смяротнага пакарання цішком, зваротная сіла закона па жаданні рэжыму, іншыя чэкісцка-кдбэшныя штукі.

Сучаснасць – апарат падаўлення, які разграміў мірныя пратэсты 2020 года. Будучыня – курсанты “Зубра”, якіх рыхтуюць быць часткай той жа сістэмы. Сістэма, якая ў якасці галоўнага саюзніка абрала краіну, што вядзе вайну паміж славянамі.

Клёны ж вырастуць. Пытанне ў тым, у цені якога “адзінства” яны будуць стаяць.

Фота раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва