Белмаркет

У чарговым магілёўскім “Белмаркете” знайшлі дзясяткі кілаграмаў пратэрміноўкі

Звыш 70 кілаграмаў пратэрміноўкі знайшлі кантралёры ў магазіне “Белмаркет” па вуліцы Першамайскай 160 у Магілёве.

У цяперашні час па ўсёй краіне праходзіць праверка данай сеткі рознічнага гандля прадуктамі харчавання, пра гэта паведамляе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. 

Днямі такая праверка выявіла 70 кілаграмаў пратэрмноўкі і тавараў сумніўнай якасці ў чарговым магілёўскім магазіне “Белмаркет”, які прыйшлося часова зачыніць з-за шматлікіх парушэнняў. 

Кантралёры знялі з паліц гэтага магазіна мясныя паўфабрыкаты, фарш, безалкагольныя напоі, каўбасныя і хлебабулачныя вырабы з прайшоўшымі тэрмінамі прыдатнасці. Таксама забароненая рэалізацыя больш за 20 кг курэй-грыль, час вырабу якіх вызначыць не ўдалося. Нягледзячы на тое, што ў гандлёвай зале крамы ўстаноўлена спецыяльнае абсталяванне, якое прадугледжвае аператыўную рэалізацыю курэй-грыль, такая прадукцыя была выраблена загадзя, і чакала яна свайго пакупніка зусім не ў халадзільніку.

У ліку парушэнняў заканадаўства – невыкананне абавязковага пераліку тавараў, неналежнае афармленне цэннікаў, адсутнасць інфармацыі аб таварах, парушэнне санітарных нормаў, неналежная выкладка тавараў, якія змяшчаюць выяву дзяржаўных сімвалаў і іншае.

Адчынецца магазін пасля таго, як усе парушэнні будуць ліквідаваны.

Нагадаем, напрыканцы сакавіка магазін “Белмаркет”, што па Першамайскай 91а ў Магілёве прыпыніў сваю дзейнасць з-за вялікай колькасці выяўленых пратэрмінаваных тавараў.

Фотаздымак: Яндэкс.Карты

← Усе навіны Магілёва