ліфтмаш

Магілёўліфтмаш збіраецца пастаўляць рухавікі ў Славакію. Ці збярэцца?

Пасол Славакіі прыехаў у Магілёў абмяркоўваць закупку электрарухавікоў у ААТ «Магілёўліфтмаш» для атамных станцый. А ў снежні мінулага года дырэктар прадпрыемства Руслан Страхар атрымаў ад Мінпрама вымову за правал экспарту.

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Славакіі Йозеф Мігаш пабываў на ААТ «Магілёўліфтмаш», паглядзеў вытворчасць, пачуў ад генеральнага дырэктара Руслана Страхара, што «дадзены вектар супрацоўніцтва вельмі значны і перспектыўны», і сказаў са свайго боку патрэбныя словы: славацкія энергаблокі зношаныя, а ААТ «Магілёўліфтмаш» разглядаецца ў якасці надзейнага партнёра. Прэс-рэліз атрымаўся прыгожы. Цяпер разбярэмся, што стаіць за парадным фасадам.

Што насамрэч робіць завод

ААТ «Магілёўліфтмаш» – гэта перш за ўсё ліфты. Ліфты складаюць аснову вытворчасці. Прадпрыемства выпускае каля 13 тысяч ліфтаў у год, займае прыкладна чвэрць расійскага рынку ліфтавага абсталявання, а па ўласнай статыстыцы, на 1 студзеня 2025 года за ўсю гісторыю вырабіла 416 619 ліфтаў. Больш за 80 працэнтаў прадукцыі ідзе ў Расію.

Электрарухавікі для АЭС – невялікі спецыялізаваны напрамак у межах асобнага цэха, які захаваўся з савецкага часу. Не асноўны хлеб прадпрыемства. Адзіная рэальная “атамная” пастаўка, якой сам завод ганарыцца, – на БелАЭС. Гэта значыць на расійскі праект, пабудаваны «Расатамам».

Перад тым як прадаваць электрарухавікі для еўрапейскіх АЭС, варта паглядзець, як ацэньваюць галоўную прадукцыю завода тыя, хто ёю штодзённа карыстаецца. Mogilev.media вывучаў водгукі. Карціна там месцамі адчайная.

Сярод водгукаў сустракаюцца і станоўчыя. Але агульны тон – не проста сумны. Калі масавы прадукт, які завод робіць дзясяткамі тысяч, выклікае такія нараканні, якой павінна быць аргументацыя, каб пераканаць славацкага ядзернага рэгулятара дапусціць беларускія электрарухавікі ў першы контур еўрапейскай АЭС?

Вымова ад Мінпрама

У снежні мінулага года Міністэрства прамысловасці Беларусі правяло разбор палётаў на найбуйнейшых дзяржпрадпрыемствах галіны. Унутраныя дакументы Мінпрама здабыла арганізацыя «Белпол» і апублікавала «Зеркало» – карціна атрымалася бязлітасная. І Руслан Страхар – у гэтай карціне не старонні назіральнік.

Яму вынеслі вымову за правальную працу з экспартам.

Што атрымліваецца? Кіраўнік, якога Мінпрам афіцыйна, сваім загадам, прызнаў тым, хто не справіўся з экспартам, праз некалькі месяцаў садзіцца за адзін стол з паслом краіны ЕС і абмяркоўвае экспарт беларускіх электрарухавікоў у Еўропу. Для атамных, што важна, станцый.

Хто стаіць за рулём

Руслан Страхар – чалавек, які прыйшоў на “Магілёўліфтмаш” не з прамысловасці, а з кабінета. Да красавіка 2025 года ён быў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама па эканоміцы. Яго перавялі на пасаду гендырэктара з асабістага ўзгаднення Лукашэнкі.

З таго часу, па назіраннях mogilev.media, у новага дырэктара выявілася любоў да пераразання чырвоных стужак. У новым цэху – урачыста, з гасцямі з Расіі. Пры падсяленні васьмі жыхароў у заводскі інтэрнат – таксама ўрачыста, са стужкай, камерай і кнігай гасцей. Восем чалавек, стужка, пратакол.

Вынік вядомы: вымова ад Мінпрама ў снежні. Стужку пры падсяленні васьмі чалавек Страхар пераразаў умела, а экспарт праваліў. І вось пачаў абмяркоўваць электрарухавікі са Славакіяй.

Што з прадпрыемствам насамрэч

Лічбы не радуюць, і яны пацвярджаюць тое, за што Страхара пакаралі ў Мінпраме.

Прадукцыйнасць працы: каля 13 тысяч ліфтаў на прыкладна 5 тысяч работнікаў – гэта 2,6 ліфта ў год на аднаго супрацоўніка. У еўрапейскіх вытворцаў супастаўнага маштабу – у разы вышэй.

  1. Колькасць не скарачаецца: палітычная забарона на скарачэнні трымае на заводзе больш людзей, чым трэба для цяперашняга аб’ёму.
  2. Рост за кошт санкцый: месца, якое ААТ «Магілёўліфтмаш» заняў на расійскім рынку, вызвалілі сыходзячыя Otis, Schindler, Kone і Thyssen. Знікнуць санкцыі – пачнецца зваротны рух. Акрамя таго, ужо зараз магілёўцаў з расійскага рынку выціскаюць кітайскія вытворцы.
  3. Склады забітыя: магілёўская прамысловасць у цэлым за 2025 год упала амаль на 4 працэнты, запасы ў вобласці выраслі на 45 працэнтаў. Па дадзеных Мінпрама, праблема складскіх рэшткаў – сістэмная для ўсёй галіны.
  4. Атрымліваецца, што прадпрыемства, якое жыве на часовай кан’юнктуры аднаго рынку, з забаронай на аптымізацыю і з дырэктарам, які ўжо атрымаў ад профільнага міністэрства вымову, прапануюць як «надзейнага партнёра для славацкіх АЭС».

Ці купіць Славакія

Атамная энергетыка ў ЕС – адна з самых жорстка рэгуляваных сфер. Любое крытычнае абсталяванне для АЭС праходзіць шматгадовую сертыфікацыю, незалежны аўдыт, комплексныя выпрабаванні ва ўмовах праектных і запраектных аварый. Пастаўшчык павінен мець сістэму якасці па міжнародных стандартах і палітычнае адабрэнне рэгулятара.

У Беларусі няма ніводнай з гэтых умоў. Рэкамендацыя толькі адна – БелАЭС, расійскі праект, на які ЕС глядзіць крытычна. Санкцыі ЕС супраць Беларусі дзейнічаюць. А славацкі ядзерны рэгулятар ÚJD SR наўрад ці ў агляднай будучыні выдасць дазвол на беларускія камплектуючыя для дзеючых энергаблокаў.

Тады што гэта было?

Першае: палітычны жэст дружалюбнага Мінску пасла. Мігаш у свой час быў спікерам славацкага парламента і паслом Славакіі ў Расіі. Яго візіт і прыгожыя словы – частка палітыкі прэм’ер-міністра Славакіі Робарта Фіца па дэманстрацыі самастойнасці ад Бруселя. Кантрактаў за гэтым можа і не паследаваць. Хутчэй за ўсё.

Другое: піяр-карцінка для ўнутранага карыстання. Пасля снежаньскай вымовы ад Мінпрама дырэктару крытычна патрэбна хоць нейкая гучная перамога, хаця б у выглядзе карцінкі. Пасол Славакіі ля варотаў Магілёўліфтмаша – ідэальная нагода для бадзёрага рэпартажу, для дакладу наверх, для чарговай чырвонай стужкі. Кантракт не абавязковы. Дастаткова таго, што пра візіт напісалі газеты.

Што гэта значыць для магілёўцаў?

ААТ «Магілёўліфтмаш» – найбуйнейшы працадаўца Магілёва. Ад яго залежаць тысячы сем’яў. І менавіта таму размова пра яго рэальнае становішча – не зласлівасць. Пакуль галоўную прадукцыю завода ў Расіі просяць не ўсталёўваць у новых дамах, пакуль дырэктар з сумнеўным бэкграўндам угаворвае пасла Славакіі купіць рухавікі для АЭС, пакуль прамысловасць вобласці падае, а складскія запасы растуць – ніякі «прарыўны візіт» не дапаможа.

Славацкі пасол прыехаў і з’ехаў. Чырвоная стужка вісіць напагатове. А Магілёў застаецца горадам, дзе чарговае «стратэгічнае партнёрства» абарочваецца чарговай фотасесіяй.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

← Усе навіны Магілёва