35 гадоў распараджэння маёмасцю: што вядома пра «Магілёўаблмаёмасць» і чаго грамадства так і не ведае.
Ёсць лічбы, але няма балансу эфектыўнасці
Камітэт «Магілёўаблмаёмасць» адзначыў 35-годдзе. Фармальна гэта структура, якая займаецца дзяржаўнай маёмасцю Магілёўскай вобласці: улікам, арэндай, продажам, прыватызацыяй, распараджэннем акцыямі, кантролем выкарыстання аб’ектаў.
Іншымі словамі, гаворка ідзе не пра другараднае ведамства, а пра орган, праз які праходзяць будынкі, памяшканні, маёмасныя комплексы, акцыі прадпрыемстваў і іншыя актывы, якія належаць дзяржаве або вобласці.
Але юбілей такой структуры выклікае не толькі жаданне ўручыць чыноўнікам кветкі. Ён ставіць простае пытанне: што менавіта грамадства атрымала за 35 гадоў яе існавання?
Да 25-годдзя фонду яго тагачасны кіраўнік Алег Мякінькі (на фота – злева) прыводзіў уражлівы набор паказчыкаў. Паводле яго слоў, за 25 гадоў у Магілёўскай вобласці было рэфармавана 522 унітарныя прадпрыемствы дзяржаўнай уласнасці, у тым ліку 198 рэспубліканскай і 324 камунальнай уласнасці.
У вобласці дзейнічалі 302 акцыянерныя таварыствы, створаныя ў працэсе пераўтварэння дзяржаўнай уласнасці.
За 2011-2015 гады было прададзена 8,8 мільёна акцый 14 адкрытых акцыянерных таварыстваў, у бюджэты паступіла больш за 38 мільярдаў рублёў, а ў развіццё акцыянерных таварыстваў прыцягнута каля 10 мільярдаў рублёў інвестыцый. Таксама паведамлялася, што за 2011-2015 гады акцыянерныя таварыствы пералічылі ў бюджэты 712 мільярдаў рублёў дывідэндаў. У тым жа інтэрв’ю называліся і іншыя вынікі:
- з 2010 па 2016 год у гаспадарчы абарот было ўцягнута, знесена або закансервавана 2533 невыкарыстоўваемыя аб’екты;
- у 2010-2015 гадах на аўкцыёнах рэалізавана 748 аб’ектаў на суму 44,8 мільярда рублёў;
- з 2007 па 2015 год заключана 316 дагавораў куплі-продажу аб’ектаў з пачатковай цаной у адну базавую велічыню;
- новыя ўласнікі, паводле Мякінькага, уклалі ў такія аб’екты больш за 100 мільярдаў рублёў інвестыцый і стварылі больш за тысячу працоўных месцаў;
- у арэнду было здадзена больш за 200 тысяч квадратных метраў, а ад арэнднай платы за год у мясцовыя бюджэты паступіла каля 18 мільярдаў рублёў.
Гэта значыць лічбы ёсць. Але праблема ў іншым: гэтыя лічбы падаюцца як ведамасны справаздачны матэрыял пра зробленую працу, а не як паўнавартасная ацэнка эфектыўнасці самой структуры.
З іх немагчыма зразумець галоўнае: колькі каштавала ўтрыманне «Магілёўаблмаёмасці» за гэтыя гады. Які быў фонд аплаты працы? Колькі бюджэт траціў на апарат, памяшканні, транспарт, камандзіроўкі, абслугоўванне, раённыя падраздзяленні і спадарожныя выдаткі? Як суадносяцца гэтыя выдаткі з даходамі ад продажу маёмасці, арэнды, дывідэндаў і спагнанняў? Якая чыстая аддача для бюджэту і эканомікі вобласці?
Без гэтага любыя юбілейныя лічбы застаюцца няпоўнымі:
- можна паведаміць, што прададзены сотні аб’ектаў, але не растлумачыць, ці былі яны прададзены выгадна;
- можна сказаць, што створана тысяча працоўных месцаў, але не паказаць, колькі працоўных месцаў было страчана пры рэфармаванні прадпрыемстваў;
- можна гаварыць пра дывідэнды, але не тлумачыць, якія прадпрыемствы іх забяспечылі і колькі іншых арганізацый заставаліся стратнымі;
- можна адчытвацца пра скарачэнне колькасці невыкарыстоўваемых аб’ектаў, але не раскрываць, колькі аб’ектаў фактычна пачалі працаваць, а колькі былі проста знесены або закансерваваны.
Актыўнасць не роўная грамадскай карысці
Менавіта таму ключавое пытанне застаецца адкрытым: ці даказана грамадская карысць камітэта як асобнай структуры?
Афіцыйныя матэрыялы паказваюць актыўнасць: аўкцыёны, арэнда, прыватызацыя, праверкі, семінары, скарачэнне пералікаў невыкарыстоўваемай маёмасці.
Напрыклад, аблвыканкам паведамляў пра скарачэнне пераліку невыкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасці ў Магілёўскай вобласці за чатыры гады. Але актыўнасць – гэта яшчэ не даказаная эфектыўнасць. Эфектыўнасць патрабуе балансу: выдаткі, вынікі, страты, альтэрнатывы і персанальная адказнасць.
Пакуль жа публічная карціна застаецца няпоўнай. Орган існуе дзесяцігоддзямі, распараджаецца значнай маёмасцю, праводзіць аўкцыёны і праверкі, прыводзіць асобныя паказчыкі, але не прадстаўляе грамадству поўнай карціны ўласнай эфектыўнасці.
Кіраўнікі без адкрытых біяграфій
Не менш паказальным з’яўляецца пытанне публічнасці кіраўніцтва.
Алег Мякінькі, паводле публікацыі да 25-годдзя фонду, кіруе структурай з мая 2011 года. Да яго фонд узначальвалі Уладзімір Крэз, Мікалай Кароцін і Ірына Кучынская. Але ў афіцыйных адкрытых крыніцах няма паўнавартасных біяграфій кіраўнікоў гэтай структуры. Няма звестак пра іх адукацыю, прафесійны шлях, папярэднія пасады, падставы прызначэння, кіраўніцкі досвед і асабістыя вынікі да прыходу на такія пасады.
Аднак нешта пра аднаго з кіраўнікоў усё ж вядома. Мікалай Кароцін (на фота – справа) – прыклад таго, чаму закрытасць біяграфій чыноўнікаў, якія распараджаюцца маёмасцю, небяспечная сама па сабе. Ён узначальваў «Магілёўаблмаёмасць» у 2000-2007 гадах, затым кіраваў Быхаўскім райвыканкамам, а пазней яго прозвішча ўсплывала ў гісторыях вакол прывабных аб’ектаў Быхаўскага раёна. І не адной: побач з ім фігуруе Сяргей Чуканоў – яго сваяк, кум і былы намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама па эканоміцы.
Мы ўжо пісалі, што Чыгірынскае вадасховішча заўсёды было лакомым кавалкам для чыноўнікаў, а вакол турыстычных аб’ектаў там гадамі ходзяць чуткі, якія кампетэнтныя органы ўпарта не хочуць правяраць. У гэтай гісторыі Кароцін і Чуканоў выглядаюць не выпадковымі прозвішчамі, а часткай адной чыноўніцкай траекторыі: улада, доступ да інфармацыі, уплыў на рашэнні і затым пытанні пра тое, хто апынуўся побач з прывабнымі актывамі. І гэта наўпрост адносіцца да «Магілёўаблмаёмасці»: структура дзесяцігоддзямі распараджаецца дзяржаўнай маёмасцю, але грамадства не бачыць ні адкрытых біяграфій яе кіраўнікоў, ні паўнавартаснай карціны іх наступнай кар’еры, сувязяў і маёмасных інтарэсаў. Як гэта было з Мікалаем Кароціным, Сяргеем Чукановым і аб’ектамі, прыватызаванымі гэтай парочкай у Быхаве.
Для органа, які распараджаецца дзяржаўнай маёмасцю вобласці, гэта сур’ёзны прабел празрыстасці.
Грамадства мае права ведаць, хто прымае рашэнні аб маёмасці, якая належыць не чыноўнікам, а дзяржаве і грамадзянам. Кіраўнік такога органа – не прыватная асоба ў непублічнай кампаніі.
Гэта чыноўнік, ад рашэнняў якога залежыць лёс будынкаў, прадпрыемстваў, зямельных участкаў, акцый і бюджэтных паступленняў. Адсутнасць афіцыйнай біяграфіі робіць немагчымай грамадскую ацэнку яго прафесійнай прыдатнасці, кар’ернага шляху і адказнасці за вынікі.
Галоўная выснова застаецца непрыемнай: 35 гадоў існавання чарговай «таемнай канцылярыі» прымушае ўспомніць выказванне прапагандыста Ігара Тура, які нядаўна заявіў, што Беларусь «уступае ў этап барацьбы са схаваным або нават ценявым тунеядствам», і аднёс да яго не толькі беспрацоўных, а людзей, якія фармальна ходзяць на працу і атрымліваюць зарплату, але, паводле яго ацэнкі, «робяць вельмі мала». Калі прымяніць гэтую логіку не да радавых грамадзян, а да дзяржаўных структур, то пытанне да «Магілёўаблмаёмасці» становіцца яшчэ больш вострым. А тут яшчэ і Мікалай Кароцін з яго ведамі набытымі ў «Магілёўаблмаёмасці” і паспяхова выкарыстанымі на Быхаўшчыне…
