Лясы

У Беларусі хадзіць у лес без абмежаванняў можна толькі на Магілёўшчыне

Толькі на ўсходзе Магілёўшчыны сёння, 3 траўня, можна наведваць лясы без абмежаванняў. 

Сухое цёплае надвор’е, якое прыйшло ў Беларусь у апошнія дні, зноў спрыяе магчымасці прыродных пажараў. Паводле карты, якую складае Міністэрства лясной гаспадаркі, на сёння практычна па ўсёй краіне ўведзеныя абмежаванні на наведванне лясоў. Гэта значыць, туды нельга заязджаць на аўтамабіле і распальваць вогнішчы. 

Пры гэтым у трох заходніх раёнах Гродзенскай вобласці ўвогуле забаронена заходзіць у лес. 

У той жа час на ўсходзе Магілёўскай вобласці наведваць лясныя масівы можна ў сямі раёнах. Гэта Хоцімскі, Клімавіцкі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Чэрыкаўскі і Слаўгарадскі раёны.

Паводле заканадаўства, за парушэнне патрабаванняў па забеспячэнні пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках альбо забароны на іх наведванне пагражае накладанне штрафу ад 12 да 30 базавых велічынь (у залежнасці ад наяўнасці альбо адсутнасці шкоды). У выпадку прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры надыходзіць крымінальная адказнасць.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва