Мікалай Кароцін – адзін з тых чыноўнікаў, на прыкладзе якіх лепш за ўсё відаць, як працуе лукашэнкаўская вертыкаль і адкуль набіраюцца ў яе кадры.
Бранскі след
Мікалай Мікалаевіч Кароцін нарадзіўся ў вёсцы Алефіна Бранскай вобласці ў 1969 годзе. Горацкую сельгасакадэмію скончыў у 1992-м. На вытворчасць так і не патрапіў – працаваў асістэнтам, старшым выкладчыкам, затым дацэнтам кафедры кіравання. Нават быў першым дырэктарам Вышэйшай школы аграбізнесу – усё гэта ў ліхія дзевяностыя. У 2002-м Кароцін сышоў з “навукоўцаў-глебазнаўцаў” і працаваў у сістэме Магілёўаблмаёмасці: спачатку намеснікам старшыні, затым старшынёй.
У 2004 скончыў акадэмію кіравання пры Лукашэнку, а ў 2007-м быў прызначаны старшынёй Быхаўскага райвыканкама. У гэтым жа годзе, ужо праз два месяцы пасля прызначэння, у Быхаў прыязджаў Лукашэнка і разам з Кароціным развіваў фантасмагарычныя планы выратавання Быхаўскага раёна.
У 2012-м, так і не выцягнуўшы Быхаў з эканамічнай і карупцыйнай багны, Мікалай Мікалаевіч (на загалоўным фота – злева) вярнуўся ў Магілёўскі аблвыканкам. З 2013-2018 год кіраваў РУП «Праектны інстытут Магілёўгіпразем», а ў лістападзе 2018 года быў прызначаны першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама. У сакавіку 2019-га, пасля скандалу з каровамі і адстаўкі Уладзіміра Даманеўскага, пару дзён выконваў абавязкі старшыні Магілёўскага аблвыканкама.
Сістэма Белдзяржстраху, у якой потым апынуўся былы дацэнт і былы кіраўнік Быхаўшчыны, відавочна азначае заход кар’еры Кароціна. У 2025 годзе прафсаюзная структура ўручала дырэктару філіяла Белдзяржстраху па Магілёўскай вобласці Мікалаю Кароціну ўзнагароду «За заслугі ў справе развіцця і ўмацавання прафсаюзнага руху». Такім чынам, куды б ні трапляў Кароцін, ён гарманічна ўпісваўся ў сістэму і заўсёды меў заслугі.
Злёгку адхіляючыся ад тэмы, варта згадаць і іншага ўраджэнца Браншчыны, які да гэтага часу пакідае свой след у Быхаўскім раёне. Гэта – Віктар Агнетаў. Ён быў намеснікам старшыні райвыканкама, займаўся ідэалогіяй і сацыяльнай сферай, а таксама ўзначальваў раённыя выбарчыя камісіі. У 2020-м Агнетаў перапужаўся так, што не стаў вывешваць пратаколы выбарчай камісіі, а ўжо ў 2025 годзе ён распавядаў пра «дэмакратычныя і спакойныя» выбары, якія ў Беларусі даўно сталі адміністрацыйнай працэдурай па афармленні патрэбнага выніку. Пасля райвыканкама Агнетаў апынуўся на ганаровай пасадзе дырэктара ў сацыяльным пансіянаце «Ірдзіца». А ў аграрнай прафсаюзнай вертыкалі Быхава з’явілася яго жонка – Святлана Агнетава: яна стала новым прафсаюзным лідарам аграрыяў Быхаўшчыны.
Быхаўскія справы
Такім чынам, у 2007 годзе Кароцін атрымаў Быхаўскі раён. Быхаўшчына тады мела патрэбу не ў чарговым начальніку з вертыкалі, а ў нармальным кіраванні. Замест гэтага раён атрымаў тыповага прадстаўніка лукашэнкаўскай школы: зверху прызначылі чалавека, які пачаў расстаўляць вакол сябе сваіх. Пазней, калі Кароцін ужо паднімаўся вышэй, яго біяграфію падалі як гісторыю паспяховага кіраўніка. У рэальнасці быхаўскі перыяд пакінуў пасля сябе іншыя пытанні: хто атрымаў доступ да эканамічных рашэнняў, якія аб’екты апынуліся ў зоне інтарэсу, чаму побач са старшынёй райвыканкама так хутка выраслі людзі з асабістага кола.
Галоўнае прозвішча тут – Сяргей Чуканаў. Сяргей Чуканаў быў кумам Кароціна. Да трапляння ў раённую ўладу ён, паводле мясцовай інфармацыі, працаваў шафёрам. Пры Кароціне гэты чалавек паступіў усё ў тую ж Горацкую сельгасакадэмію, але авансам, яшчэ будучы ўсяго толькі студэнтам-завочнікам, стаў намеснікам старшыні Быхаўскага райвыканкама па эканоміцы.
Гэта і ёсць класічны лукашэнкаўскі кадравы ліфт: не прафесійная рэпутацыя, не публічны конкурс, не даказаная кампетэнцыя, а асабістая блізкасць да ”дацэнта”. Учора шафёр, сёння намеснік старшыні па эканоміцы. Для раёна такая пасада азначае ўплыў на прадпрыемствы, маёмасць, інвестыцыі, камунальную і гаспадарчую павестку. Для кумаўской вертыкалі гэта азначае іншае: побач са старшынёй з’яўляецца свой чалавек на кірунку, дзе зарабляюцца асабістыя грошы, аб’екты і рэсурсы. Менавіта таму быхаўская гісторыя Кароціна не зводзіцца да радка ў біяграфіі. Яна пра тое, як асабістыя сувязі ператвараліся ў адміністрацыйныя пасады.
Будынкі, Чыгірынка і «свае» людзі
Кароцін прыйшоў у Быхаў з сістэмы дзяржмаёмасці, а калі ён сышоў, у раёне, натуральна, засталіся гісторыі пра будынкі і аб’екты ў зоне адпачынку каля Чыгірынскага вадасховішча, набытыя на падстаўных асоб. Быхаўскі кіраўніцкі правал выкрыў знаёмую для лукашэнкаўскай вертыкалі схему: старшыня, яго кум, прыватызаваныя будынкі і інтарэс да «смачных» аб’ектаў у турыстычна прывабным месцы.
Гэтая звязка выглядае занадта паказальна, каб лічыць яе выпадковасцю. Чалавек з абласной маёмасці атрымлівае раён. Яго кум становіцца намеснікам па эканоміцы. Вакол іх з’яўляюцца размовы пра будынкі і аб’екты адпачынку. Потым абодва сыходзяць з публічнай увагі, а раён працягвае жыць з наступствамі. Да гэтага часу законсерваваным стаіць будынак былой аптэкі, пазней сумешчаны з раённым судом. Належыць ён, па чутках, парачцы Кароцін-Чуканаў. А колькі яшчэ такіх аб’ектаў у Быхаўскім раёне?
Так працуе не асобная памылка кіравання, а цэлая мадэль. У ёй раён для чыноўніка – не адказнасць перад людзьмі, а тэрыторыя магчымасцяў. Але калі вярнуцца да прамых абавязкаў Кароціна на пасадзе старшыні. Памятаеце, яму даручалі “ратаваць Быхаўшчыну”. Што ж ён выратаваў? Больш за ўсё шуму было вакол мясцовага кансервава-агароднінасушыльнага завода. Стараннямі Кароціна ён стаў адным з сімвалаў таго, як лукашэнкаўскія «моцныя гаспадарнікі» ўмеюць разараць усё, што ім даверана.
Завод гадамі «ратавалі», мадэрнізавалі за кошт крэдытаў, заганялі ў даўгі, уводзілі санацыі, а потым фактычна давялі да банкруцтва і перадалі прыватніку. Такія гісторыі зручныя для разумення Кароціна і яго асяроддзя. Яны паказваюць вынік сістэмы, дзе начальнікі змяняюцца, справаздачы гучаць бадзёра, святы праходзяць урачыста, а рэальныя прадпрыемствы знікаюць. Вінаватым потым прызначаць каго заўгодна, толькі не саму вертыкаль, якая гадамі распараджалася раёнам.
Быхаў працягвае прымаць свайго
Як мы бачым, пасля Быхава Кароцін не быў выкінуты з сістэмы. Наадварот, ён пайшоў вышэй. Падазроная быхаўская спадчына Мікалая Мікалаевіча не стала падставай для судовага разбору. Для рэжыму гэта падстава для чарговых прызначэнняў на кіруючыя пасады. Вось і з Быхава Кароцін не знік. Яго працягваюць бачыць на раённых святах, урачыстасцях і мерапрыемствах.
Сістэма не саромеецца такіх людзей. Наадварот, яна працягвае трымаць іх у ганаровым коле. Такім чынам, Мікалай Кароцін – класічны ўзор лукашэнкаўскага чыноўніка з лёгкім флёрам карупцыянера. Не таму, што яго злавілі за руку з канвертам. А таму, што ўся яго біяграфія пабудаваная на галоўных прыкметах гэтай сістэмы: доступ да маёмасці, пасады зверху, асабістыя сувязі, прасоўванне сваіх, гаспадарчыя правалы без адказнасці і спакойны працяг кар’еры.
Фота ведамаснага сайта Быхаўскага райвыканкама.
