Эміграцыя прывяла да дзеда: жыхар Магілёўшчыны знайшоў месца гібелі чырвонаармейца на Одэры.
Адзін з жыхароў Магілёўскай вобласці, які вымушана пакінуў Беларусь і асеў у Польшчы, распавёў нашаму парталу гісторыю, якая не адпускае яго з таго часу, як ён апынуўся за мяжой. Дзмітрый свайго прозвішча не называе – прычыны тыя ж, што і ў большасці нашых суразмоўцаў.
Апынуўшыся ў эміграцыі, ён нечакана для сябе атрымаў тое, чаго ніколі не меў дома – час і магчымасць спакойна займацца сямейнай памяццю. Зайшоў на партал “Памяць народа”, увёў імя дзеда – і знайшоў яго.
Чырвонаармеец, радавы, прызваны ў студзені сорак пятага. Загінуў дваццаць другога красавіка сорак пятага – за два тыдні да канца вайны. На Одэры, каля Грайфенхагена, горада, які сёння называецца Грыфіна.
– Кароткі і сумны ваенны лёс – кажа наш суразмоўца – Дата прызыву – шостае студзеня. Дата гібелі – дваццаць другое красавіка. Тры з паловай месяцы. Ён нават не паспеў толкам паваяваць.
Красавік сорак пятага на Одэры – гэта была сапраўдная мясарубка. Савецкія войскі фарсіравалі раку пад агнём, немцы трымаліся насмерць, страты былі жахлівыя. Одэрскі плацдарм стаў адной з самых крывавых старонак апошніх месяцаў вайны. Дзед загінуў менавіта ў гэтыя дні.
Ён пайшоў на фронт, пакінуўшы траіх дзяцей. Чацвёртае дзіця – мама нашага суразмоўцы – нарадзілася ўжо пасля яго гібелі. Яна ніколі не бачыла бацьку.
Вёска, дзе жыла сям’я, сёння не існуе – адна з тысяч беларускіх вёсак, зніклых за трыццаць гадоў клопату Лукашэнкі пра беларускае сяло.
Дакументы з архіва далі дакладны адрас першапачатковага пахавання: паўднёвая прыстань ракі, на ўсход ад Одэра, каля трох домікаў.
Наш суразмоўца жыве ў Польшчы – і Грыфіна цяпер зусім не далёка. Дабрацца да месца гібелі дзеда стала рэальным упершыню ў жыцці.
– Я хачу прыехаць туды і пагаварыць з ім. – падкрэслівае Дзмітрый – Расказаць, як усё склалася. Што чацвёра яго дзяцей ужо памерлі – усе пражылі доўгае жыццё, паспелі састарэць. Дасягнулі сталага ўзросту трое ўнукаў і дзве ўнучкі. Падрастаюць чацвёра праўнукаў.
Ён пайшоў у студзені сорак пятага з вёскі, якой больш няма – і не ведае нічога з таго, што было потым. Як пакутавала яго жонка, выхоўваючы чацвярых дзяцей, як дарослыя ўнукі сустракаліся ў тым месцы, дзе стаяў дом дзеда.
Магчымасць пабываць на месцы гібелі сваяка з’явілася ў яго толькі дзякуючы вымушанай эміграцыі. Дома такой магчымасці не было.
Свой аповед Дзмітрый заканчвае разважаннем:
– Пасля таго, як даведаўся, што магу пабываць у такім знакавым для маёй сям’і месцы, зразумеў тое, што было відавочна заўсёды: вайну выйграў не Сталін. Яе выйграў мой дзед. Мільёны такіх дзядоў, чые магілы сёння раскіданыя па ўсёй Еўропе…
Фота ілюстрацыйнага характару.
