Выхаванец магілёўскай СДЮШАР-7 17-гадовы футбаліст Ягор Малчан чакае рашэння па трансферу яго з мінскага ў заграбскае “Дынама”.
Набраны па абвестцы
Футбольная кар’ера Ягора Малчана пачалася яшчэ з дзіцячага садка і дзякуючы яго першаму трэнеру – Юрыю Варламаву, піша выданне Betting Insider. Менавіта ён разглядзеў у пяцігадовым хлопчыку футбольны талент і нават пайшоў насуперак тагачасным правілам. Справа ў тым, што калі Варламаў у 2004 годзе прыйшоў працаваць у магілёўскую СДЮШАР-7, набіраць дзяцей маладзейшых за шэсць гадоў афіцыйна не дазвалялася.
Аднак трэнер вырашыў не чакаць. Ён сам абышоў дзіцячыя садкі, расклеіў аб’явы і па выхадных бясплатна праводзіў трэніроўкі для самых маленькіх. За два гады яму ўдалося сабраць чатыры групы, агулам каля шасцідзесяці дзяцей.
З гэтай кампаніі пазней выйшлі некалькі футбалістаў юнацкіх зборных Беларусі. Але, паводле Варламава, Ягор Малчан адрозніваўся ад іншых літаральна з першых заняткаў. Ён прызнаецца, што хлопчык быў мацнейшы за аднагодкаў ужо тады, хаця пазней моцна дадалі і іншыя выхаванцы.
Галоўным талентам Малчана трэнер лічыць не прыродныя здольнасці, а выключную працавітасць. Паводле яго слоў, хлопец практычна не развітваўся з мячом. Трэніраваўся не толькі на занятках, але і дома, пастаянна працаваў над тэхнікай і фізічнай падрыхтоўкай. Менавіта гэта, на думку Варламава, і стала галоўнай прычынай сённяшніх поспехаў футбаліста.
Не менш важным ён лічыць і тое, што Ягор ніколі не захварэў на «зорную хваробу», якая, паводле трэнера, часта перашкаджае таленавітым юнакам раскрыць свой патэнцыял.
Чаму Ягор апынуўся ў мінскім “Дынама”, трэнер распавядаць не хоча. “Лепш у бацькоў спытаць. Усё з маёй падачы пайшло, яны адвезлі Ягора. Развал у нас тут пайшоў, а “Дынама” – гэта ўсё ж такі твар рэспублікі” – кажа ён.
Наперадзе – Харватыя?
Цяпер Ягор Малчан можа зрабіць наступны крок у сваёй кар’еры. Паводле інфармацыі спецыялізаваных футбольных выданняў, калі малады паўабаронца дачакаецца станоўчага рашэння па магчымым пераходзе ў заграбскае «Дынама», то будзе гуляць у адным з наймацнейшых клубаў Харватыі, які рэгулярна ўдзельнічае ў еўракубках.
Варламаў ацэньвае перспектывы свайго выхаванца асцярожна. Ён мяркуе, што канчатковае рашэнне могуць прыняць ужо пасля таго, як футбалісту споўніцца 18 гадоў, а гэта адбудзецца 13 жніўня 2026 года.
Нягледзячы на тое, што многія яго былыя вучні сёння гуляюць у прафесійных клубах, трэнер кажа, што падтрымлівае сувязь практычна з кожным з іх. Не стаў выключэннем і Ягор Малчан, які і цяпер дзеліцца са сваім першым настаўнікам навінамі пра важныя этапы сваёй футбольнай кар’еры.
Для самога ж Варламава галоўным застаецца не магчымы трансфер у Еўропу, а тое, што яшчэ адзін хлопчык, якога ён калісьці прывёў у футбол насуперак бюракратычным правілам, здолеў даказаць: вялікая кар’ера можа пачынацца на звычайнай дзіцячай трэніроўцы ў Магілёве.
Дзіцячы футбол у Магілёве аплочваюць бацькі
Што ж да дзіцячага футбола ў Магілёве, то тут трэнер выбітнага футбаліста не хавае расчаравання. Юрый Варламаў сцвярджае, што значную частку выдаткаў на паездкі і турніры даводзіцца пакрываць бацькам. А дзіцячыя трэнеры, якія выхавалі гульцоў для прафесійных клубаў і нацыянальных зборных, фактычна не атрымліваюць за гэта належнага прызнання і ўзнагароджання. Пра сваю трэнерскую зарплату Варламаў кажа, што жыць толькі на яе складана.
Асобна трэнер згадвае і новы футбольны манеж у Магілёве, які, паводле яго, будаваўся найперш для дзяцей, але дзіцячыя каманды ўсё роўна часта вымушаныя трэніравацца зімой на адкрытым паветры.
Фотаздымак: Betting Insider
