У ЦРБ Глуска, Мсціслава і Горак найменей палова маладых урачоў звальняецца пасля завяршэння адпрацоўкі. Дапамагчы пацыентам звязацца з урачамі ў раёнах закліканы праект “Раёнка”.
Бальніцы без урачоў
“Глуская, Мсціслаўская, Горацкая цэнтральныя раённыя бальніцы – толькі ад 20% да 50% маладых урачоў застаюцца там пасля завяршэння размеркавання” – такія даныя прывёў у сваёй прэзентацыі на канферэнцыі “Новая Беларусь” 8 жніўня 2026 года ў Варшаве медык Станіслаў Салавей. Пры гэтым ён адзначыў, што якасць тых, хто застаецца, часта выклікае пытанні.
Паводле Салаўя, сітуацыя ў медыцыне ў Беларусі сёння выглядае яшчэ горш, чым у эканоміцы. Пры гэтым самая галоўная праблема – недахоп добра падрыхтаваных лекараў. Напрыклад, у Польшчы, каб працаваць самастойна, выпускнік медычнай ВНУ рыхтуецца пяць гадоў, у Беларусі – толькі год. Акрамя таго, у Беларусі ўсяго за месяц можна змяніць медычную спецыялізацыю і зрабіцца з тэрапеўта кардыёлагам ці эндакрынолагам і т.п. Наступствы гэтага адчуваюць на сабе пацыенты.
«То бок, спецыялісты як бы ёсць, і адначасова іх нібы няма» – кажа Станіслаў Салавей, указваючы, што толькі 60% у беларускіх рэгіёнах атрымліваюць сучасную медычную дапамогу. У Польшчы для параўнання гэты паказнік дасягае 90%.
Электронная паліклініка
Каб задаволіць патрэбу беларусаў у сельскіх раёнах і малых гарадах у кваліфікаваных урачах, беларускія медыкі ў выгнанні прыдумалі анлайн-платформу «Раёнка» для таго, каб лекары-эмігранты маглі дапамагаць суайчыннікам унутры Беларусі.
Праект арыентуецца на тых, каму складаней атрымаць неабходную медычную дапамогу. Гэта, у прыватнасці, шматдзетныя сем’і, людзі з інваліднасцю, прадстаўнікі ЛГБТК+, былыя палітзняволеныя і іншыя ўразлівыя групы. Асобны акцэнт зробяць на жыхарах рэгіёнаў: асноўнай аўдыторыяй бачаць людзей па-за Менскам і абласнымі цэнтрамі, дзе доступ да вузкіх спецыялістаў можа быць больш абмежаваным.
Тэхнічна «Раёнка» будзе дзейнічаць на базе платформы «Тры сланы». Карыстальнікі перад зваротам павінны будуць прайсці праверку, пасля чаго змогуць кантактаваць з медыкамі ў чаце або праз відэазванок без неабходнасці ўключаць камеру. Сэрвіс таксама дазволіць перадаваць вынікі аналізаў і атрымліваць каментар спецыяліста. Станіслаў Салавей апісвае задуму як своеасаблівую электронную паліклініку, дзе асноўныя магчымасці для кансультацыі будуць сабраныя анлайн.
Арганізацыя адной кансультацыі абыдзецца праекту прыкладна ў 30 еўра. Фінансаваць працу сэрвісу збіраюцца праз фандрайзінг. Такім чынам, «Раёнка» павінна злучыць дзве групы беларусаў, якія цяпер знаходзяцца па розныя бакі мяжы: медыкаў, што працуюць за межамі краіны, і людзей у Беларусі, якім патрэбныя дадатковая прафесійная парада, другое меркаванне або доступ да вузкага спецыяліста.
Запуск “Раёнкі” плануецца на верасень 2026 года.
Скрыншот YouTube @svetlana_tsikhanouskaya
