Пакуль улады Слаўгарада захапляюцца сваёй роляй у працаўладкаванні навучэнцаў, мясцовая пракуратура падводзіць сумныя вынікі гэтага працаўладкавання. 12 жніўня яны сталі вядомыя:
- У сельскагаспадарчай арганізацыі раёна непаўналетнім удзельнікам студэнцкага атрада налічылі заработную плату, напляваўшы на патрабаванні аб яе мінімальным памеры. Пяцёра недаатрымалі надбаўку на агульную суму звыш 300 рублёў.
- У іншай арганізацыі пецярым непаўналетнім не выдалі канчатковы разлік пры звальненні. Набегла больш за 1,3 тысячы рублёў.
Ніводную з арганізацый у пракуратуры не называюць. Мера ў абодвух выпадках аднолькавая: пракурор Слаўгарадскага раёна вынес кіраўнікам прадпісанні – даплаціць пяцярым да мінімальнай заработнай платы і неадкладна пагасіць доўг перад пецярымі іншымі.
Увесну раённая газета тлумачыла чытачам, як студэнцкія атрады дапамагаюць школьнікам і студэнтам зарабіць на канікулах,
Дзесяць падлеткаў з двух слаўгарадскіх атрадаў гэтым летам ўсё падлічылі. Выхаваўчы эфект у арыфметыкі атрымаўся такі: дарослыя іх папросту падманулі.
Фота раённай газеты.
