Аналіз здымкаў з космасу выявіў магчымую масштабную аперацыю па дэзынфармацыі датычна будаўніцтва ядзернага магільніка ў Мсціслаўскім раёне.
Нагадаем, што дырэктар Беларускай арганізацыі па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі (БелРАА) Міхаіл Кісель 23 жніўня ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТБ заявіў, што у Мсціслаўскім раёне мясцовыя прадпрыемствы проста вядуць меліярацыю. Даследчыя работы па выбару пляцоўкі пад магільнік у Мсціслаўскім і Хойніцкім раёнах, маўляў, завяршыліся ў ліпені, а ў Астравецкім раёне працягваюцца. Адмаўленне распрацоўкі тэрыторыі пад магільнік з’явілася пасля таго, як на спадарожнікавых здымках каля вёскі Ходасы выявіліся маштабныя земляныя работы.
Аднак журналісты гомельскага «Флагштока» вырашылі праверыць афіцыйную версію не па заявах чыноўнікаў, а па тым, што бачна з космасу. І выявілі дэталі, якія не стасуюцца са словамі кіраўніцтва БелРАА.
З дапамогай сэрвісу Copernicus Browser журналісты прааналізавалі спадарожнікавыя здымкі тэрыторыі, дзе можа з’явіцца пункт пахавання радыеактыўных адкідаў. Для параўнання ўзялі здымкі амаль за год – з 29 верасня 2025-га па 8 верасня 2026 года – і склалі з іх анімацыю.
Першыя прыкметы земляных работ бачныя ўжо ў верасні 2025 года – у сярэдзіне даследаванай зоны з’явілася траншэя ўздоўж мясцовай дарогі. Значна больш актыўныя работы спадарожнікі зафіксавалі ў сакавіку 2026-га. Змены сталі бачныя ў месцах шматлікіх суфазійных правалаў. Журналісты мяркуюць, што іх маглі засыпаць, выраўноўваючы паверхню зямлі.
У пэўным сэнсе разабрацца ў тым, што адбываецца, дапамог снег. На белым покрыве добра бачныя сляды цяжкай тэхнікі і свежыя земляныя работы: снег у месцах руху машын і перамяшчэння грунту ператвараўся ў цёмную масу, якая выразна вылучалася на спадарожнікавых здымках. Прыкладна ў той жа час пачалі засыпаць роў безназоўнага ручая ў зоне меркаванага будаўніцтва магільніка.
З надыходам вегетацыйнага перыяду асноўная актыўнасць перамясцілася ў паўночную частку даследаванай тэрыторыі – прыкладна за два кіламетры ад пляцоўкі, дзе можа з’явіцца аб’ект для радыеактыўных адкідаў. Плошча пашкоджанага травянога покрыва працягвала павялічвацца ажно да канца жніўня.
І вось тут узнікае галоўная нестыкоўка. БелРАА заяўляла, што ўсе работы ў раёне меркаванага магільніка завяршылі яшчэ ў ліпені 2026 года. А спадарожнікавыя здымкі, прааналізаваныя «Флагштокам», паказваюць прыкметы працягу земляных работ і ў жніўні.
Само па сабе гэта яшчэ не даказвае, што там ужо будуюць сховішча радыеактыўных адкідаў. Але афіцыйная версія пра поўнае завяршэнне работ у ліпені пасля такіх здымкаў патрабуе як мінімум дадатковага тлумачэння.
Таксама застаецца пытанне, чаму маштабная меліярацыя разгарнулася менавіта каля адной з трох пляцовак, якія разглядаюцца для магчымага размяшчэння магільніка. Акрамя таго, «Флагшток» не знайшоў прыкметаў аналагічных маштабных работ у іншых частках Мсціслаўскага раёна за той жа перыяд. Асобнага пераканаўчага тлумачэння таго, што адбывалася на поўнач ад меркаванай пляцоўкі, пакуль таксама няма.
Таму гісторыя пакуль упіраецца ў даволі простую рэч: з космасу відаць, што зямлю там актыўна варушылі, але дакладна сказаць, навошта, па гэтых здымках немагчыма. Кропку маглі б паставіць дэталёвыя спадарожнікавыя здымкі высокай раздзяляльнасці альбо незалежныя здымкі непасрэдна на месцы.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
