лідар моладзевы

Моладзевы лідар Чэрыкава рвецца на пясчаны кар’ер

Раённая газета Чэрыкава апублікавала вялікі партрэт першага сакратара Чэрыкаўскага райкама БРСМ.
Тлумачачы, за што яе вылучылі ў маладзёжныя лідары, лідар БРСМ успамінае культавы фільм: «Хто на пясчаны кар’ер? – Я! Хто на цэментны завод? – Я!». 

Так, паводле яе слоў, яна бралася за любую актыўнасць у першых шэрагах.
Нагадваем, што ў камедыі міліцыянер размяркоўвае алкаголікаў, хуліганаў і дармаедаў на прымусовыя работы.
Менавіта з імі першы сакратар райкама параўнала сваю грамадскую актыўнасць.
Асобная глава тлумачыць, чаму сакратар не збіраецца ў мегаполіс: Чэрыкаў яна называе прыгожым, чыстым і ўтульным, а пераезды – замкнёным колам, у якім чэрыкаўцы імкнуцца ў вобласць, а магілёўцы – у Мінск.
Гэтае кола добра відаць у статыстыцы. Паводле даных Белстата, у 1996 годзе ў Чэрыкаўскім раёне жылі 18 300 чалавек, да пачатку 2019 года – 12 960, амаль на траціну менш. Магілёў за той жа час вырас з 356 300 да 383 313 чалавек.
Мяркуючы па ўсім, не ўсе чэрыкаўцы падзяляюць пазіцыю маладзёжнага лідара.

Фота cherikovnews.by.

← Усе навіны Магілёва