Па кошце ў адну базавую велічыню (45 рублёў) выставілі на аўкцыён будынкі клуба, лазні і кацельнай у розных мясцінах Асіповіцкага раёна.
Давер за адну базавую
Аб’ектамі з цікавым патэнцыялам назваў выстаўленыя лоты загадчык сектарам эканамічнага аналіза і маемасных адносін упраўлення эканомікі Асіповіцкага райвыканкама Сяргей Емяльянаў.
Паводле яго, такая нізкая цана за будынкі – гэта “свайго роду аванс даверу і адначасова спосаб прыцягнуць увагу патэнцыйных інвестараў”.
Былы клуб у вёсцы Пагарэлае, як лічаць асіповіцкія ўлады, выдатны варыянт перабудовы ў жылы дом. А з лазні на чыгуначнай станцыі Вярэйцы, паводле чыноўнікаў, можна ствараць нешта агратурыстычнае. Былая кацельня ў аграгарадку Вязаўніца будзе зручнай пляцоўкай для нейкай вытворчасці ці складу, мараць у райвыканкаме.
Гісторыі таргоў
Паводле Емяльянава, пачынаючы ад 2022 года, у 19 выпадках тыя, хто набыў на такіх таргах розныя будынкі выканалі ўмовы аўкцыёнаў. Прычым, калі у некаторых наладжвалася разнастайная вытворчасць, то іншыя пераўтвараліся ў жылыя дамы. Праўда, паспяховае заканчэнне пакупкі аб’екта здаралася не заўсёды.
“Умовы продажу не фармальнасць. За іх невыкананне прадугледжаная сур’ёзная адказнасць: штраф, памер якога прывязаны да ацэначнага кошту будынка, і канфіскацыя маёмасці ва ўласнасць раёна. Пры гэтым усе укладзеныя ў рамонт і неаддзельныя ад паляпшэння сродкі пакупніку не пакрываюцца. З 2023 года з-за зрыву абавязацельстваў скасавана шэсць дагавораў. Аб’екты вярнуліся раёну, а ў бюджэт сышоў 1 млн 460 тыс. рублёў штрафаў. Некаторыя будынкі прададзеныя паўторна – больш адказным уладальнікам”, – распавёў асіповіцкі чыноўнік.
Фотаздымак: osipovichi-region.by
