Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прыгаварыў загадчыцу парка атракцыёнаў да двух з паловай гадоў калоніі-пасялення за гібель 18-гадовага хлопца на атракцыёне «Сальта».
Яшчэ на пяць гадоў ёй забаранілі займаць кіруючыя пасады, а з арганізацыі, якая выступала ў справе грамадзянскім адказчыкам, на карысць маці загінулага спагналі 150 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
Трагедыя адбылася 1 мая. Пасля завяршэння рабочага цыкла хлопец не паставіў балансір з каруселлю на фіксатар, падчас высадкі пасажыраў балансір самаадвольна прыйшоў у рух, і груз ударыў яго па галаве. Ён загінуў на месцы.
Адразу пасля трагедыі Следчы камітэт распачаў справу супраць 56-гадовага дырэктара арганізацыі адпачынку і забаў – за службовую халатнасць, якая пацягнула смерць чалавека. Загінулага тады называлі стажорам, які вучыўся на аператара атракцыёнаў.
У верасні карціна стала іншай: хлопец аказаўся кандыдатам на працаўладкаванне, з якім не заключылі ніякай дамовы, а медагляд, навучанне, стажыроўку, інструктаж і праверку ведаў па ахове працы ён не праходзіў. Абвінавачанне выставілі ўжо 25-гадовай загадчыцы парка, якая сама дапусціла яго да працы.
Што стала са справай супраць дырэктара, невядома.
Фота скрыншот відэа СК.
