Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання выпусціў першую партыю крытых вагонаў, і яна ўжо паступіла на Беларускую чыгунку.
У БЧ назвалі навінку вынікам узаемадзеяння з вытворцам у сферы імпартазамяшчэння.
Узаемадзейнічаць чыгунцы нескладана: адзіны акцыянер завода – Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі. Выходзіць, БЧ замовіла вагоны ўласнаму прадпрыемству і сама ж іх прыняла.
Завод дастаўся чыгунцы пасля банкруцтва. У 2008 годзе вагонабудаванне ў Асіповічах задумвалі разам з расійскай кампаніяй «Гранд Экспресс»: ёй належала 76 працэнтаў акцый сумеснага Асіповіцкага вагонабудаўнічага завода, БЧ – 24.
Калі «Гранд Экспресс» загадаў доўга жыць, большую частку яго маёмасці выкупіла на таргах Магілёўскае аддзяленне БЧ, а работнікаў перавялі ў новае ЗАТ.
Новы вагон з суцэльнаметалічным кузавам бярэ больш за 69 тон грузу. Першую пагрузку абяцаюць на адным з прадпрыемстваў канцэрна «Белдзяржхарчпрам». Магутнасці завода разлічаныя на выпуск да дзвюх тысяч грузавых вагонаў за год.
Імпартазамяшчэнне атрымалася сямейным: заказчык, пакупнік і ўладальнік завода – адна і тая ж чыгунка.
Фота БелТА.
