Арэнда

Даведка на біс: старшыні Бабруйскага гарвыканкама двойчы за два месяцы далажылі адны і тыя ж лічбы

Старшыня Бабруйскага гарвыканкама Максім Гурын пабываў на прадпрыемстве «Арэнда і паслугі», якое здае ў арэнду гарадскую камунальную нерухомасць. Дырэктар Юрый Вяроўкін далажыў:

  • на балансе 75 аб’ектаў,
  • прырост плошчаў, якія здаюцца ў арэнду, па выніках 2025 года склаў 124 працэнты,
  • рэклама за першае паўгоддзе прынесла ў гарадскі бюджэт 678 тысяч рублёў – 112 працэнтаў да мінулага года.

Усё гэта Гурын ужо чуў 18 жніўня на аператыўнай нарадзе ў гарвыканкаме. Дакладваў той жа Вяроўкін, і лічбы былі тыя ж: 75 аб’ектаў (52 капітальныя будынкі і 23 ізаляваныя памяшканні), 124 працэнты, 678 тысяч рублёў за паўгоддзе.

Супала і рэакцыя Гурына: у жніўні ён пахваліў прадпрыемства і заўважыў, што заўсёды ёсць да чаго імкнуцца, у кастрычніку – што спыняцца на дасягнутым нельга.

Сітуацыя ў Бабруйску камічная – хітры Вяроўкін, падобна, карыстаецца забыўчывасцю Гурына.

Фота bobrlife.by.

← Усе навіны Магілёва