Паліклініка Асіповіцкай ЦРБ растлумачыла, чаму гараджане так часта скардзяцца на адсутнасць талонаў.
Загадчыца паліклінікі Вольга Якімец пералічыла адразу некалькі прычын. Тры чвэрці талонаў ідуць на папярэдні запіс на тры месяцы наперад, чвэрць – на паўторныя прыёмы. Да неўролага, отарыналарынголага, кардыёлага і эндакрынолага ўпершыню можна трапіць толькі па накіраванні ўрача агульнай практыкі. Вузкія спецыялісты занятыя яшчэ і ў камісіях ды на дыспансерызацыі, а ў рэгістратуры працуюць пераважна людзі без медыцынскай адукацыі.
Галоўная ж прычына ў гэтым пераліку стаіць пад загалоўкам «Кадравае пытанне»: на 17 участках працуюць 12 урачоў агульнай практыкі.
Яшчэ ў студзені 2024 года ЦРБ справаздачылася, што ўсе 17 тэрапеўтычных участкаў цалкам укамплектаваныя ўрачамі. Усяго ўрачоў у бальніцы тады было 131, да канца таго ж года – 126.
У Касцюковічах тая ж карціна. Да стаматолага-тэрапеўта і зубнога фельчара Касцюковіцкай ЦРБ запісваюць толькі паводле прынцыпу «сёння на заўтра»: з 17 гадзін па тэлефоне, з 18 – у рэгістратуры, талоны дзеляць пароўну паміж тымі, хто тэлефануе, і тымі, хто прыйшоў. На ўвесь раён – 12 талонаў да зубнога ўрача.
Пры катастрафічным становішчы ў медыцыне медыкам, якія з’ехалі, дарогу назад закрываюць на самым версе. 5 чэрвеня ў Гродне на адкрыцці абласной бальніцы Лукашэнка сказаў, што ўрачы, якія збеглі, ужо просяцца назад, і паабяцаў прыняць іх – «посуд мыць ці яшчэ нешта», выносіць «качкі» і адходы.
Працаваць урачамі ім не дадуць: «урачы ў нас тут свае ёсць». У той жа дзень у Рэспубліканскім банку вакансій лічылася 2330 вакансій урачоў-спецыялістаў.
Схемы запісу, маршруты і памяткі пераразмяркоўваюць талоны, але не дадаюць іх. Талонаў застаецца роўна столькі, колькі ўрачоў.
І калі састарэламу Лукашэнку «качку» падносяць спраўна, гэта яшчэ не азначае, што ў беларускай медыцыне поўны парадак.
Фота osipovichi-region.by.
