камсамол

У Бабруйску ветэраны камсамола завяшчалі БРСМ сумяшчаць несумяшчальнае

Бабруйскі гарадскі камітэт БРСМ сабраў ветэранаў камсамола у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі – да 108-й гадавіны ВЛКСМ.

Дата не круглая, затое нагоду сфармулявалі дакладна: былыя першыя сакратары гарадскога камітэта камсамола павінны перадаць свае традыцыі цяперашняму саюзу моладзі. Традыцыя ў гэтых людзей сапраўды агульная – кар’ера на ідэалогіі, якая перажыла змену самой ідэалогіі.

Лідзія Багданава на пачатку сямідзясятых узначальвала гарадскі камітэт камсамола, у васьмідзясятых была сакратаром гарадскога камітэта партыі па ідэалогіі, затым кіравала гарадскім упраўленнем адукацыі.

Пачынала яна ў 1964 годзе другім сакратаром Бабруйскага раённага камітэта камсамола. Задача, паводле яе ўласнага аповеду, заключалася ў тым, каб адвадзіць ад царквы рэлігійную моладзь Глушчыны і павярнуць яе да атэізму.

Сёння 84-гадовая ветэранка прызнаецца: усю маладосць агітавала за атэізм, а цяпер і сама заходзіць у царкву паставіць свечку. Марксісцка-ленінскія перакананні пры гэтым засталіся.

Уладзімір Белазёр, першы сакратар гарадскога камітэта камсамола сямідзясятых гадоў, а ў прадстаўленні арганізатараў яшчэ і стваральнік Дзяржаўнай міграцыйнай службы Беларусі, патлумачыў механізм змены ідэалаў.

Камсамол, паводле яго слоў, ніколі не быў застылай арганізацыяй, і кожнае дзесяцігоддзе прымушала мяняць падыходы. У перакладзе з юбілейнай мовы гэта і ёсць формула: лозунгі мяняюцца, а прамаўляюць іх адны і тыя ж людзі.

Састарэлыя камсамольцы тлумачылі свае малітвы розным багам яшчэ і так: з часам у людзей сумяшчаецца несумяшчальнае.

Формула для Беларусі не новая – Лукашэнка называе сябе праваслаўным атэістам. На чалавечай мове ўсё гэта называецца адным словам – пераабуванне на ляту.

Фота: BOBRlife.

← Усе навіны Магілёва