Уссер

На могілках у Ізраілі паставілі помнік бабруйскаму актывісту Уладзіміру Усеру

Актывіст з Бабруйска Уладзімір Усер (Лазараў), памерлы летась на эміграцыі ў Польшы, пахаваны ў Ізраілі.

Уладзімір памёр у шэлтары ў Беластоку, куды яго адпусцілі са шпіталя чакаць суда. Ён праходзіў падазраваным па справе аб шпіянажы ў Польшчы.

Як напісала ў Фэйсбуку яго дачка Марына Авітан, за гэты час было сказана многае. “Пісалі людзі, якія не ведалі яго, не ведалі нашай сям’і, не ведалі, праз што мы прайшлі. Лёгкія каментары, гучныя загалоўкі – усё гэта застаецца дзесьці звонку, не маючы ніякага дачынення да праўды. Бо праўда – яна ціхая. Яна ў памяці, у любові, у тым, што не трэба даказваць. Тата там, дзе павінен быць. І цяпер – спакойна”, – адзначыла яна.

Яна апублікавала фота помніка. У верхнім левым куце выгравіравана Пагоня, упісаная ў Зорку Давіда. На помніку цытата са знакамітай песні Джона Ленана «Imagine»: «You may say I’m a dreamer, but I’m not the only one. I hope someday you will join us, and the world will live as ONE» («Ты можаш сказаць, што я летуценнік, але я не адзін такі. Спадзяюся, што калі-небудзь ты далучышся да нас, і свет будзе як адно цэлае»).

Марына Авітан тлумачыць, што увесь працэс заняў больш часу, чым звычайна, што «звязана з аб’ектыўнымі прычынамі: бюракратычныя працэдуры, афармленне дакументаў, дазволы і ўсе неабходныя ўзгадненні».

Нагадаем, што знаходзячыся ў Беластоку, Усер стаў героем прапагандысцкага фільма БТ. Ён зняў некалькі сюжэтаў, якія потым выкарысталі ў агітцы «Чужое неба».

Як сцвярджаюць тыя, хто больш-менш ведаў Уладзіміра, ён быў частым удзельнікам разнастайных апазіцыйных мерапрыемстваў у Бабруйску.

Фотаздымак: Фэйсбук Marina Avitan

← Усе навіны Магілёва