Пугач Клімавічы

Старшыня Клімавічаў вучыў моладзь будаваць кар’еру. Яго ўласны шлях пачаўся з мамінага кабінета

Старшыня Клімавіцкага райвыканкама Віктар Пугач правёў у сярэдняй школе № 4 дзве сустрэчы, са старшакласнікамі і з маладымі педагогамі раёна. Мерапрыемства атрымалася натхняльным. Чыноўнік раздаваў настаўленні шчодра.

Адзінаццацікласнікам ён параіў не баяцца ставіць амбіцыйныя мэты, дакладна планаваць дзень, дапамагаць бацькам і вучыцца працаваць у камандзе.

Пугач таксама паведаміў, што ў невялікіх рэгіёнах перад маладымі спецыялістамі «адкрываюцца вялікія перспектывы для кар’ернага росту» і заклікаў вяртацца на малую радзіму пасля ВНУ.

Маладым педагогам кіраўнік раёна казаў пра новыя падыходы ў выкладанні, цікавіўся ўмовамі побыту і працай інстытута настаўніцтва. Пытаў, ці ездзяць настаўнікі на экскурсіі па памятных месцах Беларусі.

Прыгожыя словы. Але куды цікавей гісторыя самога Віктара Пугача, якую ён, мяркуючы па ўсім, таксама распавядаў прысутным.

Паводле афіцыйнай біяграфіі, працоўны шлях Пугача, узор паслядоўнага ўзыходжання:

  • калгас «Рэвалюцыя» ў Быхаўскім раёне;
  • армія;
  • бальнічная бухгалтэрыя;
  • аддзел эканомікі Быхаўскага райвыканкама.

Там ён спачатку стаў спецыялістам у 2003 годзе, а да 2008-га ўжо ўзначаліў аддзел. Далей намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама, і ў 2024 годзе старшыня ўжо суседняга, Клімавіцкага.

Шлях прамы, як страла. Толькі глядзець на яго трэба крыху ўважлівей.

Усю сваю кар’еру, без малога два дзесяцігоддзі, Віктар Пугач правёў у сценах адной установы, Быхаўскага райвыканкама. Там жа, у тым жа будынку на вуліцы Леніна, 31, працавала і яго маці, Віслава Вацлаваўна Пугач, якая займала пасаду начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай працы. То бок менавіта таго аддзела, які вядае кадравымі прызначэннямі і прасоўваннем супрацоўнікаў.

Супадзенне? Магчыма. Але паказальнае.

Калі Віктар Мікалаевіч раіць школьнікам вяртацца дадому і будаваць кар’еру ў родным раёне, ён, у цэлым, кажа пра правераны метад. Проста не ўсім дастаецца такі ж надзейны стартавы арыенцір у кадравым калідоры.

Фота “Могилевские ведомости”.

← Усе навіны Магілёва