У Магілёве чулі моцныя выбухі ўчора позна вечарам і сёння раніцай – так заяўляюць некаторыя гараджане ў соцсетках. Але іншыя ім супярэчаць. Таксама з’явілася відэа, знятае нібыта ў Магілёве ў цёмны час сутак, на якім выразна чуваць гук пралёту дрона.
Найбольш настойліва пра выбухі ў горадзе пад публікацыямі гарадскога Тэлеграм-пабліка “Магілёў – мой горад!” у каментарыях піша карыстальніца Ірына. Яна сцвярджае, што ўчора каля 23.00 – 23.30 ў раёне дзіцячай стаматалогіі на бульвары Непакораных яна і яе дзеці пачулі магутны выбух. Потым былі яшчэ два – каля 6.00 і 8.30 сёння, 3 красавіка.

Словы гэтай карыстальніцы падтрымлівае таксама чытачка з нікам Tabiba.


Адначасова, блогер Ігар Лосік сцвярджае, што яго крыніцы ў Магілёве заяўляюць пра два выбухі ў горадзе ўчора ноччу, а таксама, што яны чулі гук дрона. Лосік выклаў у сябе на канале таксама відэазапіс, на якім выразна чуваць гук пралёту дрона. «Падпісчыкі з Магілёва пішуць, што ўначы чулі два выбухі, а перад гэтым гул у небе, нібы дрон праляцеў» – напісаў Ігар Лосік. Паводле яго слоў, відэа запісана на вуліцы Вавілава.
Фота ілюстрацыйнае
