Моцны паслабляльны эфект аказаўся ў зефіра NanoFit ад бабруйскага «Чырвонага харчавіка».
У сацыяльнай сетцы Threads апошнімі днямі актыўна абмяркоўваюць незвычайны эфект зефіру NanoFit. Гэта заўважыла “Наша ніва”. Карыстальнікі масава дзеляцца досведам і папярэджваюць: папулярны ласунак можа дзейнічаць як моцны паслабляльны сродак.
Прадукт пазіцыянуецца як больш «здаровая» альтэрнатыва звычайнаму зефіру, бо ў яго складзе няма цукру, замест яго выкарыстоўваецца падсалоджвальнік мальтыт, а агульная каларыйнасць ніжэйшая. Аднак менавіта гэты інгрэдыент і стаў прычынай нечаканага эфекту.
Дыскусія пачалася з допісу карыстальніцы, якая пацікавілася, ці сутыкаліся іншыя з дыярэяй пасля ўжывання гэтага зефіру. Публікацыя хутка стала віруснай і сабрала сотні водгукаў. Многія пацвердзілі падобную рэакцыю арганізма. На хвалі цікавасці попыт на прадукцыю рэзка вырас, і, паводле пакупнікоў, цяпер знайсці яе ў продажы стала значна складаней.
Вытворца, аднак, не хавае магчымых наступстваў. На ўпакоўцы зефіру ёсць папярэджанне: празмернае ўжыванне прадукта можа мець паслабляльны эфект.
Каб высветліць, якая колькасць зефіру можа быць бяспечнай, журналісты звярнуліся да самога прадпрыемства. Як патлумачыла супрацоўніца «Чырвонага харчавіка», рэакцыя на мальтыт індывідуальная: у некаторых людзей ён не выклікае ніякіх сімптомаў, у іншых можа прывесці да ўздуцця і засмучэння стрававання. Таму пачынаць знаёмства з прадуктам раяць з невялікіх порцый і паступова іх павялічваць.
Рэцэптура NanoFit распрацоўвалася каля двух з паловай гадоў сумесна з навукоўцамі Нацыянальнай акадэміі навук. Тым не менш, нават навуковы падыход не адмяняе фізіялагічных асаблівасцяў: бяспечная сутачная доза мальтыту звычайна складае 20 – 40 грамаў, у той час як у адной зефірынцы ўтрымліваецца каля 26 грамаў гэтага падсалоджвальніка.
Такім чынам, нават адзін дэсерт можа стаць выпрабаваннем для арганізма, асабліва пры індывідуальнай адчувальнасці да падобных рэчываў.
Фотаздымак: wildberries.ru
