Магілёўскі аблсуд прызначыў 15 гадоў і шэсць месяцаў калоніі магілёўцу, які вар’яцкім чынам здзекваўся са сваёй сужыцелькі.
Гісторыя адбылася ў жніўні 2025 года ў шматпавярховым доме па вуліцы Бярозаўскай абласнога цэнтра. У той дзень 45-гадовы мужчына запрасіў маці сваёй сужыцелькі ў кватэру, дзе ён нібыта зрабіў рамонт. Яны распівалі спіртное, і ён прасіў дапамагчы памірыцца з 30-гадовай дачкой. У сваю чаргу сужыцельцы не падабалася, што ён злоўжывае алкаголем. Разам яны жылі ў яе кватэры, пазнаёміўшыся ў лютым гэтага года. Як бачна, нікога нікому памірыць не ўдалося, і сварка хутка перарасла ў працяглы і жорсткі гвалт.
Мужчына збіваў жанчыну, душыў, цягаў па кватэры за валасы, не даваў дыхаць. У нейкі момант ён выкінуў яе з балкона другога паверха.
Калі на дапамогу прыйшла маці пацярпелай, агрэсар не спыніўся і ўжыў сілу супраць яе. А калі зразумеў, што яго выкінутая з балкона сужыцелька пасля падзення выжыла, паспрабаваў давесці пачатае да канца: выбег на вуліцу, зацягнуў яе назад у кватэру і зноў пачаў збіваць, спрабуючы яшчэ раз скінуць з балкона.
Спыніць гэта ўдалося толькі дзякуючы суседзям, якія ўмяшаліся і фактычна выратавалі жанчыне жыццё.
У выніку пацярпелая атрымала цяжкія траўмы, небяспечныя для жыцця. Яе маці таксама была збіта.
Суд прызнаў мужчыну вінаватым і, акрамя вялікага тэрміну, прызначыў яму прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Таксама ён мусіць выплаціць пацярпелым 21 тысячу рублёў кампенсацыі.
Прысуд пакуль можна абскардзіць.
Фотаздымак: Следчы камітэт
